ЕАБР: Заходнія санкцыі пакуль не аказваюць значнага ўздзеяння на беларускую прамысловасць

Аналітыкі адзначаюць, што рост прамысловай вытворчасці захоўваецца — гадавы паказчык 2,3% у верасні пасля 3,7 і 2,7% у жніўні і ліпені адпаведна, перадае БелаПАН.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Яны нагадваюць, што беларуская эканоміка за дзевяць месяцаў 2021 года ў гадавым вымярэнні павялічылася на 2,7% (плюс 3% за студзень-жнівень). «У верасні гадавы рост ВУП заставаўся ніжэй за 1%, галоўным чынам з-за скарачэння на 13,7% сельскагаспадарчай вытворчасці. Моцная дынаміка застаецца ў сектары інфармацыі і сувязі, валавая дабаўленая вартасць якога за дзевяць месяцаў павялічылася на 9,6%. Стрыманую дынаміку дэманструюць інвестыцыі (мінус 9,1% у верасні) і абарот рознічнага гандлю (плюс 1,7%). У першым выпадку гэта можа з'яўляцца следствам падвышанай нявызначанасці, у той час як на спажыванне тавараў уплывае запаволенне росту даходаў насельніцтва і, магчыма, чарговая хваля пандэміі», — мяркуюць аналітыкі банка.
Як адзначана ў кастрычніцкім аглядзе ЕАБР, «эканамічныя настроі прадпрыемстваў прамысловасці ў верасні палепшыліся». «Індэкс эканамічных настрояў у галіны, які разлічваецца Нацыянальным банкам, павялічыўся на 1,9 п.п. і склаў 5,3%. Па нашых разліках на аснове даных Нацбанка, у верасні некалькі палепшыліся скарэктаваныя на сезоннасць балансы адказаў прадпрыемстваў адносна бягучых і чаканых аб'ёмаў вытворчасці, а таксама аб'ёму заказаў. У сваю чаргу, эканамічныя настроі ў гандлі, будаўніцтве і на транспарце застаюцца стрыманымі. У базавым сцэнары мы чакаем рост ВУП па выніках 2021 года на 2,5%», — заўважаюць эксперты.
У 2022 годзе ЕАБР прагназуе павелічэнне ВУП Беларусі на 0,4%. У ліпеньскім рэлізе банк ацэньваў дынаміку айчыннай эканомікі ў наступным годзе як блізкую да нуля.
naviny.online