Крызіс: на будаўніцтве Астравецкай АЭС рэзка ўпалі заробкі

На Астравецкай АЭС — падзенне заробкаў. Актывісты, якія выступаюць супраць будаўніцтва АЭС, атрымліваюць інфармацыю ад самых рабочых.



ostr_aes.jpg

«Справа ў тым, што раней атамшчыкі атрымлівалі па 10-12 мільёнаў заробку, а цяпер атрымліваюць па 3-4 мільёны, і людзі вельмі абураюцца. Некаторыя ўжо хочуць байкатаваць, падымаць шум і гэтык далей. Чыноўнік ж кажуць, што гэта расцэнкі іншыя сталі», — кажа жыхар Астраўца Іван Крук.

Як заўважае актывіст з Варнянаў Мікалай Уласевіч, сярод рабочых на будаўніцтве беларускай атамнай станцыі цяпер вельмі шмат украінцаў. «Паводле маёй інфармацыі, там на сёння больш паловы рабочых – гэта ўкраінцы. І вось рабочыя некаторыя, беларусы, кажуць, што заробкі ўпалі менавіта таму, што ўкраінцы прыехалі і гатовыя працаваць за любыя грошы. Але я не згодны з такой ацэнкай сітуацыі. Найперш на гэта паўплывала тая эканамічная сітуацыя, якая склалася ў Расіі, а пазней у Беларусі, якая прывяла да таго, што працэс падзення заробкаў стаў відавочным», — кажа Уласевіч.

У той жа час афіцыйна паведамляецца, што будаўніцтва беларускай АЭС ідзе паводле плану, ніякіх праблемаў няма, а першы энергаблок запусцяць ужо ў 2018 годзе. Адметна, што частку абсталявання для станцыі пастаўляюць украінскія прадпрыемствы, а крэдыт на будаўніцтва выдала Расія.

Радыё Рацыя