Піўны рынак Беларусі сёлета ўпадзе на 5–7%, прагназуе гендырэктар "Крыніцы"
Піўны рынак Беларусі ў 2015 годзе ўпадзе на 5–7%. Такое меркаванне выказаў генеральны дырэктар ААТ "Крыніца" Аляксандр Кіжук 13 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску, адказваючы на пытанне БелаПАН. "На жаль, са зніжэннем пакупніцкай здольнасці мы выразна адчулі гэтае падзенне", — сказаў Кіжук.
Ён паведаміў, што за першае паўгоддзе прадпрыемства выпусціла 65 млн. літраў піва. "У канцы 2010 года мы завяршылі апошні этап рэканструкцыі, і сёння мадэрнізаваныя да такога ўзроўню, каб вырабляць якаснае піва, якое патрабуе на рынку спажывец. Мы сёння вырабляем 18 гатункаў піва і тры гатункі квасу", — паведаміў гендырэктар.
Паводле яго слоў, адным з прыярытэтаў кампаніі з'яўляецца пастаўка прадукцыі на экспарт. "Сёння мы самы буйны сярод вытворцаў піва экспарцёр у Беларусі, пастаўляем 65% усяго
аб'ёму экспарту. Геаграфія продажу распаўсюджваецца ад ЗША і Канады да Новай Зеландыі і Кітая, пастаўкі ідуць у Літву, Расію, Казахстан, пачалі пастаўкі ў Германію", —
паведаміў кіраўнік прадпрыемства.
Кіжук падкрэсліў, што кампанія актыўна працуе з айчыннымі гандлёвымі сеткамі. Рэалізацыя прадукцыі вырасла на 25% да ўзроўню мінулага года. Паводле слоў гендырэктара, канцэрн
"Белдзяржхарчпрам" ацэньвае долю "Крыніцы" на беларускім рынку па выніках першага квартала ў 25%.
Піўзавод "Крыніца" створаны ў Мінску ў 1975 годзе, у 1992-м ператвораны ў арэнднае прадпрыемства, у 2001-м — у ААТ. Акрамя піва вырабляе квас і безалкагольныя напоі.
Аляксандр Кіжук быў прызначаны гендырэктарам прадпрыемства ў маі 2014 года.
Марына Носава, БелаПАН