Прадпрымальнікі не разабраліся з формулай Мінгандлю. Просяць тлумачэнняў

Імпартныя тавары паступова знікаюць з паліцаў беларускіх крамаў. Гэта выклікана снежаньскай забаронай ураду на рост цэн.



deficit2.jpg

Каб неяк урэгуляваць сітуацыю, Міністэрства гандлю і Міністэрства эканомікі ўхвалілі рэкамендацыі па фармаванні цэнаў на імпарт, згодна з якімі на замежныя тавары, набытыя пасля 18 снежня, дапускаецца павелічэнне адпускной цаны.
Але формула павелічэння вельмі складаная: паводле дакумента цэны на імпартныя тавары не павінны быць больш як на 1 працэнт вышэйшыя за змены курсу беларускага рубля да курсу замежнай валюты на дату пастаноўкі на ўлік тавараў. Пры гэтым атрыманую цану трэба яшчэ зменшыць на 5%, а рэнтабэльнасць продажаў павінна складаць не болей за 3%.
Старшыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальнікаў Віктар Маргелаў у інтэрв'ю Свабодзе зазначыў, што ў яго і ягоных калег шмат пытанняў да рэкамендацыяй, якія сумесна далі Міністэрства гандлю і Міністэрства эканомікі.
«Яно выклікае неадназначнае трактаванне. І дзелавая супольнасць ужо звярнулася ў Міністэрства гандлю з просьбай правесці тэрміновую нараду, каб расставіць кропкі над „і“: як гэта павінна выконвацца. Гэта першае пытанне. А другое — калі мы пяройдзем на нармальны рэжым працы і што для гэтага будуць рабіць.
Тым не менш цяпер відавочна, што ў сувязі з адсутнасцю пэўнай методыкі — якім чынам падлічыць рэнтабэльнасць продажаў, — я мяркую, што суб’екты гаспадарання ўжо будуць уздымаць цэны. Так што варта гэтага чакаць».
У харчовых крамах ужо заўважны дэфіцыт імпартных тавараў, у прыватнасці садавіны і гародніны. У Мінску ў гандлёвай сетцы «Гіпа» зніклі памідоры, перац, а іспанскія мандарыны, якія яшчэ тыдзень таму прадаваліся па 13 тысяч, каштуюць цяпер 19 900. У «Кароне» ізраільскі перац з'явіўся, але па цане 54 тысячы за кілаграм (яшчэ пару тыдняў таму ён каштаваў 32 тысячы).
Цэны будуць расці прапарцыйна росту курсу валют, мяркуе Віктар Маргелаў:
«З невялікім адставаннем на першым этапе. А потым гэта будзе ўжо кампенсавана, калі здымецца абмежаванне. Умоўна кажучы, калі не на 30%, то на 25% цэны на імпартныя тавары павінны ўзрасці».
svaboda.org