Развітанне з Іванам Нікітчанкам
На Паўночных могілках непадалёк ад беларускай сталіцы ў панядзелак пахавалі Івана Мікалаевіча Нікітчанку — прафесара, член-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кіраўніка Сацыяльна-экалагічнага грамадскага аб’яднання "Цэнтр падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятыў". На больш статутных — Усходніх (Маскоўскіх) — могілках месца для слыннага "чарнобыльца" не знайшлося…
Іван Мікалаевіч Нікітчанка падчас акцыі "Чарнобыльскі шлях". 26 красавіка 2010 г. Фота аўтар
Іван Мікалаевіч загінуў у аўтакатастрофе пад Маладзечна. Паводле афіцыйных звестак, аўтамабіль, якім кіраваў прафесар, сутыкнуўся з грузавіком "ЗІЛ" у 14.45 у мінулую пятніцу. Навукоўца даставілі ў шпіталь горада Маладзечна, дзе прафесар памёр а 2 гадзіне ночы на суботу, 20 лістапада. Сваякам пра трагедыю паведамілі амаль праз суткі.
У панядзелак, 22 лістапада, да дому нумар 38 па вуліцы Іванаўскай у Мінску пачалі прыходзіць і прыязджаць людзі з кветкамі, вянкамі. Сярод іх — сябры Івана Нікітчанкі па Цэнтру
падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятыў, а таксама, прафесар, доктар фізіка-матэматычных навук Юры Хадыка, журналісты. Ва ўсіх, хто прыходзіў развітацца з Іванам Мікалаевічам, чыталася ў вачах: "За
што? Як гэта магло адбыцца?.."
Толькі раніцою ў дзень пахавання стала вядома, што свой апошні прытулак Іван Нікітчанка знойдзе на Паўночных могілках блізу сталіцы. Выглядала на тое, што Нацыянальная акадэмія навук не парупілася,
каб яе членкор быў пахаваны на Усходніх (Маскоўскіх могілках), дзе сёння ляжаць яго паплечнікі, калегі, асобы, для якіх слова "Чарнобыль" было не проста словам, — дырэктар
“Белраду прафесар Васіль Несцярэнка, акадэмік Яўген Канапля. Ну што ж…
Развітацца з Іванам Мікалаевічам прыйшлі яго сябры, калегі па Акадэміі навук (у тым ліку прыехаў былы прэзідэнт НАН Беларусі і экс-кіраўнік Савета Рэспублікі Нацсходу акадэмік Аляксандр Вайтовіч),
палітыкі Вінцук Вячорка, Вячаслаў Сіўчык, Павел Севярынец, Сяргей Калякін, Валеры Ухналёў, сябры Руху "За свабоду" на чале з яго кіраўніком Аляксандрам Мілінкевічам, мастак Аляксей
Марачкін, рэжысёр Валеры Мазынскі, іншыя вядомыя ў Беларусі асобы, уключна кандыдатаў у прэзідэнты Андрэя Саннікава, Уладзіміра Някляева, Рыгора Кастусёва…
Пасля кароткага развітання на ганку дома, дзе жыў Іван Нікітчанка, працэсія рушыла на Паўночныя могілкі. Там колькі словаў пра слыннага навукоўца і грамадзяніна сказалі старшыня Партыі БНФ Аляксей
Янукевіч, кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі, а таксама Юры Хадыка, Аляксей Марачкін, іншыя дзеячы. Усе выступоўцы падкрэслівалі выключную ролю Івана Нікітчанкі ў барацьбе з наступствамі
катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, у грамадскім і палітычным жыцці краіны. Чаго толькі варты той факт, што менавіта Іван Мікалаевіч шмат год быў старшынёй аргкамітэту па правядзенню Чарнобыльскага
шляху…
Калектыў "Новага часу" выказвае шчырыя спачуванні родзічам, блізкім і сябрам Івана Мікалаевіча Нікітчанкі. Валадарства вам нябеснае, дарагі наш Чалавек…