У Чэхіі перакуліўся аўтобус з беларускімі дзецьмі
У сераду, 6 студзеня, у ваколіцах чэскага населенага пункту Літаборж (Litoboř) перакуліўся турыстычны аўтобус, які перавозіў 49 чалавек з Беларусі — дзяцей і іх бацькоў.
Як паведаміла нашаму радыё консул Беларусі ў Чэхіі Ірына Стурма, у аўтобусе ехалі дзеці з бацькамі, яны вярталіся з экскурсійнай паездкі ў Прагу.
У выніку аварыі 11 дзяцей атрымалі раненні. На месца прыбылі некалькі брыгад хуткай дапамогі, пажарныя і верталёт выратавальнай службы.
ДТЗ адбылося каля 11:00 мясцовага часу. Паводле папярэдняй версіі паліцыі, кіроўца недаацаніў складанасць умоў надвор’я, у краіне другі дзень снегапад, і занадта моцна разагнаўся.
“Турыстычны аўтобус з’ехаў з трасы, якую на той момант блакавала аварыя, і пачаў аб’язджаць шашой ніжэйшай катэгорыі. На пласце размяклага снегу аўтобус занесла, і ён перакуліўся на правы бок на полі каля шашы”, —сказала нашаму радыё Эва Прахаржава, прэсавы прадстаўнік паліцыі ў Нахадзе.
Спадарыня Прахаржава дадала, што тэст на ўжыванне алкаголю ў адносінах да двух кіроўцаў аўтобусу, які правяла паліцыя, даў адмоўны вынік.
“Пашкоджанні атрымалі 11 дзяцей ва ўзросце ад 12 да 16 гадоў. Аднаго пятнаццацігадовага хлопчыка з цяжкімі траўмамі верталётам даставілі ў шпіталь. Яшчэ адна дзяўчынка такога самага ўзросту атрымала раненне сярэдняй ступені цяжкасці. Астатнія дзеці абышліся лёгкімі ранамі” — распавёў прадстаўнік службы хуткай дапамогі Кралавэградзкага краю Чэхіі Іва Новак.
Усіх пасажыраў пажарныя перасадзілі ў службовы аўтобус, даставілі і разьмясцілі ў пасёлку Горжычкі (Hořičky). З імі працуе псіхолаг. Стараста вёскі Горжычкі Ёзэф Качэр паведаміў нам, што турысты з аўтобуса былі змешчаныя ў аб'екце фермерскай гаспадаркі Доланы (Dolany), дзе атрымалі прытулак, гарбату, ежу, цяпло. З Прагі па іх ужо выехаў аўтобус, магчыма яшчэ сёння яны выедуць.
Паводле: svaboda.org