«Фантастычныя плыўцы» выпусцілі арганна-харавую праграму ISNY
Авант-джазавы гурт «Фантастычныя плыўцы» выклаў у адкрыты доступ новую праграму ISNY. Гэта незвычайны праект з удзелам кляштарнага аргана і змешанага хору, які нараджаўся цягам некалькіх гадоў.

Авант-джазавы гурт з 20-гадовай гісторыяй выклаў у вольны доступ новую праграму ISNY. Плён двухгадовай працы выбіваецца з шырокай фанаграфіі «плыўцоў», бо тут задзейнічаныя кляштарны арган і мяшаны хор. Ініцыятар Віктар Сямашка распавядае пра этапы працэсу:
«Харавыя мэлодыі прыходзілі ў галаву самі сабою цягам прыкладна дзесяці гадоў. Тыя, што завітвалі неаднаразова, я фіксаваў на дыктафон. Аднойчы пераслухаў гэтыя запісы і пераспяваў больш асэнсавана — з уяўленнем, як бы гэта мог выканаць хор. Потым даслаў гэтыя дэмкі кампазітару Канстанціну Яськову, які цяпер жыве каля Гдыні, з просьбай зрабіць аранжыроўкі.
Гатовыя партытуры прапанаваў беларускаму хору «Гук Цішы», які базуецца ў Варшаве. 16 вакалістаў разам са спяваючым дырыгентам Паўлам Сопатам разабралі нотны матэрыял, адрэпетавалі і запісалі яго цягам дзвюх сесій у студыі — з вялікай колькасцю дубляў.

Віктар Сямашка і Павел Сопат. Фота – Аляксандар Драгавоз
Што рабіць далей, я, прызнаюся, не надта ўяўляў. Было ясна, што да атрыманых шасці харавых мініяцюр варта дадаць інструментальныя варыяцыі. Доўга думаў, якім можа быць склад, але пачаць вырашыў з аргана.
Даступны інструмент мы знайшлі з дапамогай гукарэжысёра Радослава Бэднарэка ў манастыры сясцёр-францішканак у Лясках пад Варшавай. Спачатку я сыграў, што змог, бо апынуўся за арганам упершыню. Пабачыўшы мае пакуты, Юлія Шавель — ужо пастаянная жыхарка Познані — згадзілася сама пафантазаваць на харавыя тэмы. Яна прайшлася па іх туды і назад, стварыўшы некалькі варыянтаў.
Фота – Аляксандар Драгавоз
На апошнім акордзе «Альлелюйя» я папросту расчуліўся ад радасці. Стала ясна, што ўсё склалася і нічога больш не трэба — агонь здабыты!
Праўда, над канчатковым міксам, кампаноўкай і рэдактурай давялося папрацаваць яшчэ паўгода ў Беластоку».
Вокладкай для альбома ISNY стала фатаграфічная кампазіцыя мастачкі Аўгіньні Мікуліч.
Рэліз даступны для слухання і спампоўвання на Bandcamp.


