28 жніўня над Уладзімірам Яроменкам адбудзецца яшчэ адзін суд
28 жніўня над актывістам зарэгістраванай у Чэхіі міжнароднай арганізацыі "Малады фронт" Уладзімірам Яроменкам адбудзецца яшчэ адзін суд — гэтым разам адміністрацыйны.
Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, Яроменка абвінавачваюць на падставе артыкула 24.12 (невыкананне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду) часткі 2 (тое ж дзеянне, учыненае паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое ж парушэнне) Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры ад 8 да 15 базавых велічынь ці адміністрацыйны арышт.
Разгляд справы прызначаны на 10.00 у судзе Першамайскага раёна Мінска.
20 жніўня гэты ж суд прызнаў Уладзіміра Яроменка вінаватым у парушэнні правіл прэвентыўнага нагляду па артыкуле 421 Крымінальнага кодэкса і прыгаварыў маладзёжнага актывіста да трох месяцаў арышту.
Позву з'явіцца ў суд 28 жніўня Яроменак атрымаў праз некалькі дзён пасля вынясення прыгавору па крымінальнай справе. "Верагодна, супрацоўнікі крымінальна-выканаўчай інспекцыі палічылі
гэтага недастатковым і накіравалі ў суд новыя матэрыялы", — мяркуюць праваабаронцы.
Уладзімір Яроменак — фігурант крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года. Быў прыгавораны да трох гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, але ў жніўні
2011 года вызвалены на падставе ўказа прэзідэнта аб памілаванні. Над ім устанавілі прэвентыўны нагляд, пасля чаго Яроменак трапляў у суд двойчы. 27 красавіка 2012 года яго асудзілі на сем сутак
адміністрацыйнага арышту за дробнае хуліганства, а 24 студзеня 2013-га — на 12 сутак арышту за парушэнне ўмоў прэвентыўнага нагляду.
Дзеянні ўлад у дачыненні да былога палітзняволенага праваабаронцы расцэньваюць як "палітычна матываваны націск". Паводле іх меркавання, такім чынам улады спрабуюць спыніць грамадскую
дзейнасць маладзёжнага актывіста і запалохаць іншых прадстаўнікоў апазіцыі.
БелаПАН