Адлічаны студэнт Шынкевіч не знайшоў справядлівасці ў судзе
У Мінскім гарадскім судзе разглядалася скарга адлічанага студэнта БДПУ Крысціяна Шынкевіч на рашэнне суда Маскоўскага раёна, які прызнаў адлічэнне студэнта цалкам законным. Мінгарсуд таксама не ўбачыў парушэнняў у дзеяннях адміністрацыі БДПУ і пакінуў рашэнне суда ніжэйшай інстанцыі без зменаў.
Крысціян Шынкевіч і ягоны адвакат лічаць, што парушэнні відавочныя, і збіраюцца далей абскарджваць рашэнне суда, паведамляе spring96.org.
Нагадаем, што Крысціян Шынкевіч быў груба затрыманы на Дзень Волі на офісе ПЦ "Вясна" падчас інструктажу перад назіраннем за акцыяй. Яго разам з іншымі назіральнікамі даставілі ў РУУС Першамайскага раёна, але потым адпусцілі.
Адлічаны пасля Дня Волі студэнт будзе судзіцца з БДПУ
На наступны дзень, 26 сакавіка, быў затрыманы зноў, падчас акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы. Суткі ён правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, а затым яго асудзілі па артыкуле 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і далі штраф памерам 20 базавых велічынь.
Пасля гэтых падзей, 28 сакавіка, актывіст даведаўся, што яго мінулай датай адлічылі з універсітэта — на загадзе рэктара стаяла дата 24 сакавіка. Афіцыйная прычына — «невыкананне абавязкаў навучэнца». Аднак Крысціян упэўнены, што ён адлічаны за грамадскую дзейнасць.
Такога меркавання прытрымліваюцца і праваабаронцы. Ён адзін з тых, каго падтрымлівае кампанія "Дамо рэпрэсіям ўрок", якую праводзяць праваабарончая арганізацыя Libereco, ПЦ "Вясна" і Саюз беларускіх студэнтаў.
На сhange.org размешчана петыцыя "Дапамажыце беларускім студэнтам аднавіцца ва універсітэтах", якая заклікае аднавіць у беларускіх універсітэтах студэнтаў, адлічаных за грамадска-палітычную актыўнасць.