Адвакаты Максім Знак і Людміла Казак уганараваныя прэміяй «Lawyers for Lawyers 2021»
Прэмію ўручаць у Амстэрдаме 18 лістапада 2021 года. Улады Беларусі раней забралі ў Людмілы Казак і Максіма Знака адвакацкія ліцэнзіі.
Прэміяй «Lawyers for Lawyers» уганароўваюць юрыстаў, якія зрабілі заўважны ўнёсак у абарону законнасці, правоў чалавека ў няпростых умовах. Пераможцы атрымліваюць спецыяльны знак і 10 тысяч еўра. Першую прэмію ўручылі ў 2011 годзе юрысту з Зімбабвэ, таксама лаўрэатамі былі юрысты з Расіі, Калумбіі, Тайланда і Турцыі.
Цяпер Максім Знак адбывае 10-гадовае турэмнае пакаранне, што яму прысудзілі 6 верасня. Ён быў адвакатам іншага палітзняволенага — Віктара Бабарыкі. Арыштавалі Знака ў верасні 2020 года.
Людміла Казак бараніла Марыю Калеснікаву, пакуль 19 лютага на пасяджэнні калегіі Міністэрства юстыцыі яе не пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі.
Пра ўручэнне прэміі былым абаронцам Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай паведаміла журы прэміі.
«Узнагароджваючы Максіма Знака і Людмілу Казак прэміяй, журы хоча адзначаць важную працу абаіх юрыстаў, якія смела прадстаўлялі беларускіх праваабаронцаў і лідараў апазіцыі і плацяць за сваю працу высокую цану. Гэтай прэміяй журы таксама хоча прыцягнуць увагу да іншых беларускіх юрыстаў, якія зазнавалі ціск, пераслед і запалохванне ў сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю, асабліва пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года», — адзначыла журы прэміі.
Прэмію ўручаць у Амстэрдаме 18 лістапада 2021 года.
Паводле «Свабоды»