Расійскі адвакат Ілля Новікаў: Калеснікава — гэта беларускі Навальны, захапляюся ёю

Вядомы расійскі адвакат і былы гулец у «Што? Дзе? Калі?» Ілля Новікаў у эфіры «Эхо Москвы» выказаўся з нагоды асуджэння Марыі Калеснікавай і Максіма Знака да вялікіх тэрмінаў зняволення.

2017_09_25_14_06_38_9a6fdfe0_a1e1_11e7_bcb2_06f7ed071225_0.jpg

— Прысуды Знаку і Калеснікавай — гэта нейкі этап у развіцці дыктатуры Лукашэнкі?

— Я не ўпэўнены, што сучасная навука вывучэння дыктатур ўжо навучылася дзяліць іх на этапы. Калі не браць гэты стары анекдот пра тое, што «рыхтуй тры канверты». Калі там распавядаюць пра Брэжнева, Андропава і наогул пра каго заўгодна, што адыходзячы кіраўнік пакідае пераемніку тры канверты. На адным напісана «адкрыць, калі ўсё будзе дрэнна», на другім — «адкрыць, калі будзе яшчэ горш», на трэцім — «адкрыць, калі ўсё стане канчаткова жудасна». Праходзіць час, адкрывае першы канверт — там напісана: «Валі ўсё на мяне». Праходзіць час, адкрывае другі канверт — там напісана: «Абяцай усё, што заўгодна». Праходзіць час, адкрывае трэці канверт — там напісана: «Рыхтуй тры канверты».

Вось калі не браць такога роду анекдоты, то я не ўпэўнены, што наогул ёсць нейкі сэнс дзяліць гісторыю дыктатур на этапы. Нейкі досвед, тое, што я назіраю, як правіла, зводзіцца да таго, што ўсё стабільна-стабільна, а потым далей у нейкі момант на вуліцах з'яўляюцца танкі і высвятляецца, што дыктатара больш няма, а ёсць нехта іншы. Прычым часта яго ахоўнік, або яго лекар, ці хто-небудзь там — міністр абароны.

Прысуд Калеснікавай і Знаку для мяне, паколькі кожнаму свая кашуля бліжэй да цела, гэта, вядома, моцны (неразборліва)... Вось калі мае расійскія калегі думаюць, што адвакат — гэта нешта адно, а яго кліент — гэта нешта іншае і мы можам абараняць палітычных зняволеных, людзей, якіх пераследуюць за палітыку, не падвяргаючыся пры гэтым самі нейкім сур'ёзным рызыкам, то вось, калі ласка, гэта, у першую чаргу, прывітанне і адказ вам. Максім Знак — гэта адвакат, які выконваў сваю працу. Выконваў вельмі добра. Менавіта таму ён апынуўся ў адной клетцы са сваёй падабароннай і таму атрымаў 10 гадоў.

— Гэта значыць, вы хочаце сказаць, што ў Расіі адвакату трэба разумець і дзейнічаць адпаведна? Гэта значыць, не сыходзіць ад таго, што нельга неяк так падладзіцца?

— Можна спрабаваць падладзіцца. Але табе толькі што далі зразумець, што не, хутчэй за ўсё, нельга. Але ты можаш паспрабаваць — са шкодай для сваёй рэпутацыі, хутчэй за ўсё, са шкодай для свайго кліента і ўжо сапраўды без карысці для яго. Але не. Усё сур'ёзна.

— Чаму я сказаў пра этапы? Я, вядома, не меў на ўвазе тэорыю развіцця і заходу дыктатуры. Проста тут ужо такое адчуванне, што вышэй па значэнні, чым Калеснікава, для прысудаў у Лукашэнкі няма нікога цяпер.

— Глядзіце, Калеснікава — гэта ў вельмі многіх сэнсах беларускі Навальны. Навальны вярнуўся, разумеючы, што яго арыштуюць і не выпусцяць, пакуль не здарыцца нешта грандыёзнае. Тыпу не памрэ Пуцін, або, не ведаю, нафта ўпадзе да 0 рублёў, або штосьці падобнае. І Калеснікава, якую спрабавалі прыбраць ад граху далей, парвала свой пашпарт — вы ведаеце гэтую цудоўную гісторыю.

Гэта ж трэба не толькі вырашыцца яго парваць — трэба сцяміць, што так можна паступіць. Я ёю цалкам захапляюся. Таму ў першую чаргу гэта кажа нам пра тое, што для супрацьстаяння дыктатуры на нейкім этапе важна, каб быў чалавек, які пойдзе грудзьмі на кулі, разумеючы, што вось гэта яно.