Аляксей Акімаў: Штрафаў ад Мінгандлю не баюся!
Фатограф, які друкаваў рэкламу на грошах, гаворыць, што ягоную віну чыноўнікам з Мінгандлю яшчэ прыйдзецца даказаць. І распачынае новы праект.
Нагадаем, што фатограф з Мінску Аляксей Акімаў размяшчаў на грашовых банкнотах рэкламу сваіх паслуг. За тры тыдні аўтар рэкламы выдаткаваў на гэту задуму больш за 50 мільёнаў беларускіх рублёў: штампаваў і тысячныя купюры, і двухсоттысячныя, і нават долары.
Разам з тым Міністэрства гандлю Беларусі ў дзеяннях Акімава угледзела прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння. Паводле Мінгандлю, распаўсюд рэкламы падобным чынам ганіць афіцыйную грашовую адзінку Рэспублікі Беларусь і цягне за сабой адказнасць, прадугледжаную часткай 1 артыкула 12.15 Адміністрацыйнага кодэкса. Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце ведамства.
Ужо ў бліжэйшыя дні Міністэрства гандлю збіраецца перадаць матэрыялы супраць Аляксея Акімава ў суд, а ў цяперашні час чыноўнікі, праўдападобна, спрабуюць “злавіць” у грашовай масе “мечаныя купюры”.
Тым часам, паводле беларускага заканадаўства, за нестандартную рэкламу фатографу пагражае да 5 мільёнаў штрафу. Але, як прызнаецца Аляксей Акімаў, ад рэкламы на грошах ён у любым выпадку застанецца ў плюсе, і пачынае новы праект пад назвай “Хочаш на ТВ?”