Алесь Бяляцкі атрымаў прэмію імя Льва Сапегі ў Варшаве
Як паведамляе Polskie Radio, у Варшаве 13 ліпеня кіраўніку Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесю Бяляцкаму ўручылі прэмію імя Льва Сапегі.

Вядомы беларускі праваабаронца, пісьменнік, былы палітвязень Алесь Бяляцкі павінен быў атрымаць прэмію імя Льва Сапегі яшчэ ў 2012 годзе. Але не змог зрабіць гэтага, бо знаходзіўся ў беларускай турме. Таму толькі зараз узнагарода дачакалася свайго ўладальніка.
Падчас атрымання прэміі Алесь Бяляцкі заўважыў, што сёння ў Беларусі ёсць шмат працы для праваабаронцаў, у тым ліку звязанай з дапамогай палітычным рэпрэсаваным і іх сем’ям.
Дырэктар Усходне-Еўрапейскіх даследаванняў Ян Маліцкі, які ўручаў ўзнагароду, нагадаў, што Алесь Бяляцкі першапачаткова быў не дзесятым, а сёмым лаўрэатам прэміі Льва Сапегі. Але ў 2012 годзе, калі было прынята рашэнне аб прадастаўленні яму ўзнагароды, ён быў за кратамі.
Прэмія імя Льва Сапегі знаходзіцца пад патранажам прэзідэнта Польшчы. Мэта яе — вылучыць грамадзян Беларусі, якія ўнеслі важны ўклад у фарміраванне і развіццё грамадзянскай супольнасці ў краіне, а таксама прымаюць актыўны ўдзел у фарміраванні незалежнай і дэмакратычнай Беларусі, звернутай у еўрапейскім кірунку.

