Асуджаны ў Расіі беларус Сілівончык у небяспецы з-за канфлікту з адміністрацыяй калоніі
Кірыл Сілівончык трапіў у калонію з рэпутацыяй «катавальнай турмы» і сутыкнуўся з ціскам з боку адміністрацыі. Пра гэта паведамляе расійскі сайт Каспаров.Ru.

Сілівончык этапаваны ў калонію ВК-14 у пасёлку Сухабязводнае. Абставіны канфлікту пакуль не вядомыя. Сайт піша, што асуджаныя падтрымліваюць адміністрацыю.
Юрысты міжрэгіянальнага Камітэту супраць катаванняў у красавіку звярталіся ў следчы камітэт з прычыны шматлікіх выпадкаў катаванняў супраць асуджаных калоніі. Адзін з асуджаных распавёў, што яго білі палкай па пятках, пасля чаго ў яго распухлі ногі і ён не мог хадзіць. Некалькі суразмоўцаў расказалі праваабаронцам, што дваіх асуджаных забілі да смерці.
Сістэмны адміністратар з Ніжняга Ноўгараду беларус Кірыл Сілівончык быў асуджаны 9 красавіка выязным паседжаннем Маскоўскага акружнога вайсковага суду на два гады калоніі-пасялення. Яго прызналі вінаватым у публічных закліках да тэрарыстычнай дзейнасці. Сам Сілівончык паведаміў адвакату, што пост у сацыяльнай сетцы Вконтакте, які фігураваў у справе, быў перапостам допісу адной з суполак.