Аляксандра Лойку трэці раз арыштавалі на 15 сутак

У судзе Першамайскага раёна 29 лістапада адбыўся суд над Аляксандрам Лойкам, якога затрымалі яшчэ 30 кастрычніка разам з жонкай Ірынай Слаўнікавай. Справу зноў разглядаў суддзя Максім Трусевіч, які раней ужо двойчы адпраўляў мужа і жонку на «суткі». На гэты раз у Першамайскім РУУСе на мужчыну склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі).

11037893_820065181400757_848750305297017678_n.jpeg


Паводле пратакола, Лойку 28 лістапада прывезлі ў РУУС для «прафілактычнай гутаркі», але ён нібыта «адмовіўся прайсці ў 112 кабінет, упіраўся і чапляўся за адзенне міліцыянта». Аляксандр гэта адмаўляе і сцвярджае, што на Акрэсціна яго сустрэў міліцыянт, прывез у РУУС, дзе яны падыйшлі да 112 кабінета. Там мужчыну далі падпісаць пратакол, з якім Лойка не пагадзіўся. Пры гэтым Аляксандр адзначыў, што на Акрэсціна яго ніхто не папярэдзіў, што яго вязуць ў РУУС на «прафілактычную гутарку».
Сведка-міліцыянт на судзе пераблытаў сваё імя па бацьку. Суддзя Трусевіч прапанаваў сваякам, якія абурыліся паказаннямі сведкі, напісаць заяву ў РУУС, калі ім падаецца, што сведка хлусіць.
Вынік — 15 сутак, паведамляюць праваабаронцы.
30 кастрычніка журналістку Ірыну Слаўнікаву і яе мужа Аляксандра Лойку супрацоўнікі ГУБАЗіКу затрымалі па прылёце ў Мінск з Егіпта. Ірыну пасля «сутак» так і не выпусцілі на волю — яна стала падазраванай паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса («арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны удзел у іх»).