Анатоля Лябедзьку будуць судзіць за прэс-канферэнцыю ў Курапатах

Анатоля Лябедзьку будуць судзіць за ўдзел у прэс-канферэнцыі ў Курапатах, якую абаронцы Курапатаў, народнага мемарыяла ахвярам сталінскіх рэпрэсій, правялі 18 ліпеня.

38368ed0_4139_4e2c_ba7b_f2ca52c4c7d1_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.jpg


Экс-старшыню Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку будуць судзіць за ўдзел у прэс-канферэнцыі ў Курапатах. Як паведамляе прэс-служба АГП, у дачыненні да палітыка складзены пратакол на падставе арт. 22.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства). Пасяджэнне прызначанае на 2 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска.

Прэс-канферэнцыю каля брамы рэстараннага комплексу "Паедзем паядзім" абаронцы Курапатаў, народнага мемарыяла ахвярам сталінскіх рэпрэсій, правялі 18 ліпеня. У ёй таксама ўзялі ўдзел сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Павел Севярынец, актывісты Ганна Шапуцька, Вячаслаў Сіўчык і іншыя. У той дзень грамадскія актывісты абвясцілі аб пачатку кампаніі байкоту ўстановы, а затым перадалі ў Адміністрацыю прэзідэнта зварот з патрабаваннем аб закрыцці рэстарана.

Грамадскія пратэсты ў сувязі з працай забаўляльнага комплексу ў Курапатах праходзяць з 31 мая.

20 ліпеня ўладальнік рэстараннага комплексу "Паедзем паядзім" Леанід Зайдэс на сустрэчы з журналістамі заявіў, што не мае намеру яго закрываць або пераносіць. "Мы спрабавалі знайсці агульную мову і рашэнне, якое пойдзе на карысць грамадству, — сказаў бізнесмен. — Мы былі гатовыя сесці за круглы стол і вялі перамовы аб гэтым з людзьмі, якія ўзялі на сябе адказнасць за пікетаванне рэстарана і ўсе дзеянні, у тым ліку і незаконныя, якія рабілі пікетоўцы за гэты час". 

Паводле яго слоў, калі дамоўленасць аб правядзенні круглага стала з пратэстоўцамі была фактычна дасягнутая, "пэўныя сілы пайшлі на эскалацыю канфлікту". "Акрамя таго, са мной пачалі гаварыць на мове ўльтыматумаў, асабістых пагроз і фактычнага шантажу. Але з шантажыстамі, як вядома, ніхто ў свеце перамоў не вядзе. Таму ніякіх кантактаў з людзьмі, якія свядома распальваюць гэты канфлікт і не шукаюць рашэнняў, больш не будзе, — заявіў Зайдэс. — З людзьмі, якія цяпер паліваюць мяне, супрацоўнікаў і наведвальнікаў брудам, кідаюцца пад аўтамабілі, спрабуюць націснуць на нашых партнёраў, мы будзем размаўляць толькі ў судзе".

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН