Андрэй Дынько з-за кратаў: Мы проста закладнікі ў палітычным гандлі

Галоўнага рэдактара часопісаў «Наша гісторыя», «Дуду» і «Асцярожна: дзеці!» затрымалі 8 ліпеня. Увесь гэты час ён знаходзіцца на Акрэсціна.

Фота Белсат

Фота Белсат

З-за кратаў Андрэй Дынько дзякуе кожнаму за салідарнасць і падтрымку і толькі просіць памятаць, што дапамагаць трэба ўвесь час і асабліва тым, хто шмат месяцаў знаходзіцца ў няволі, піша Наша Ніва.
“Упэўнены, што не толькі я, але і мае калегі не вінаватыя ні ў чым, і гэта стане ўсім відавочна. На маю думку, мы проста закладнікі ў палітычным гандлі, — лічыць Андрэй Дынько. — Тыя, хто робяць “Нашу гісторыю”, рабілі тое, што мусілі, выконвалі свае працоўныя абавязкі. Наш агульны прынцып быў і ёсць: “Наша Ніва” не ўдзельнічае ў палітычных гульнях, а аб'ектыўна асвятляе працэсы, якія адбываюцца ў краіне і за мяжой.
Андрэй кажа, што калі была справа Андрэевай і Чульцовай, справа Барысевіч, нават справа Tut.by, то кожны раз здавалася, што, магчыма, гэта разава.
“Здавалася, што гэта будзе выпраўлена, што журналісты выйдуць. Але зараз я са шкадаваннем канстатую, што прасторы для працы грамадска-палітычных СМІ ў Беларусі не засталося”.
Андрэй знаходзіцца ў вельмі кепскіх умовах на Акрэсціна: няма матрацаў і падушак, бялізны. Увесь час у камеры гарыць святло. У такіх самых умовах знаходзяцца і астатнія затрыманыя нашаніўцы.
“Апынуўшыся па другі бок, я ўглядаюся, шукаючы сляды чалавечнасці ў людзях, якіх я сустракаю, — і такія ёсць, — перадае Андрэй. — Так выйшла, што мяне затрымалі ў дні, калі ў паветры нашых бароў стаіць адзін з маіх любімых водараў — чабор. І мне дагэтуль ён пахне”.