Дырэктарка «Нашай Нівы» паведаміла аб спыненні працы рэдакцыі ў Беларусі

Беларускае выданне «Наша Ніва» закрывае рэдакцыю ў Беларусі, паведаміла 13 ліпеня журналістам дырэктарка Анастасія Роўда.

01eaaea5ef36e499c424c808635189c9.jpg


Такое рашэнне Роўда тлумачыць меркаваннямі бяспекі.

Паводле яе слоў, цяпер «каманда ў стрэсе», працуе частка супрацоўнікаў, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі, яны «змаглі падхапіць задачы і аператыўна заняцца працай» замест тых, хто знаходзіцца на тэрыторыі краіны.

Роўда распавяла, што супрацоўнікам, якія засталіся ў Беларусі, далі час падумаць, ці гатовыя яны выехаць за мяжу, каб працягваць працу там.

«Працаваць журналістам незалежнага выдання ўнутры краіны раўнацэнна самагубству. Ты проста ідзеш у турму пад крымінальны артыкул», — заявіла яна.

«Але мы не страцілі свае каналы зносін з аўдыторыяй у сацыяльных сетках, мы цалкам кантралюем іх (затрыманыя супрацоўнікі не мелі да іх доступу). [...] Нашы акаўнты не заблакаваныя, але ў нас вынятыя ўсе дакументы і ў нас няма доступу, напрыклад, да нашых пячатак. [...] Архіў “Нашай Нівы” не знік — мы былі гатовыя да такой сітуацыі», — адзначыла Анастасія ў інтэрв’ю сайту Zerkalo.io, які робіць былая каманда TUT.BY.