Андрэй Бандарэнка, магчыма, абвясціў бестэрміновую галадоўку

Пра гэта ён паведаміў у лісце ад 28 верасня, фрагмент якога "Радыё Свабода" перадала актывістка руху «За ўратаванне Курапатаў» Ганна Шапуцька.



andrej_bandarenka1.jpg

«У мяне пачынаецца „вясёлы перыяд“. 2015/10/05 сканчаецца тэрмін утрымання мяне ў бяспечным месцы, і мяне павінны перавесці ў атрад № 4. Хоць згодна ПВРИУ (правілы ўнутранага распарадку папраўчых устаноў. — РС) за гэтыя 7 месяцаў майго знаходжання ў бяспечным месцы адміністрацыя абавязаная была прыняць вычарпальныя меры па ліквідацыі пагроз асабістай бяспецы. Але, як Вы разумееце, ніхто нічога не рабіў. Гэта азначае, што з-за дэзынфармацыі, якая была распаўсюджаная ў Бабруйску і старанна падтрыманая ў Шклове, зэкам паспрабуюць „давесці да ведама“ пра нібыта мой „нефармальны статус“. Я, вядома ж, не збіраюся ні мірыцца, ні адпавядаць не толькі нейкаму „статусу“, але і любым спробам мне нешта навязаць. Думаю, што ўжо 5 кастрычніка абвяшчу бестэрміновую галадоўку на знак пратэсту супраць жорсткага, бесчалавечнага абыходжання, якое зневажае чалавечую годнасць. Мяркую, што мне „запланавалі“ шэраг канфліктаў. Я з гэтай нагоды апавясціў адміністрацыю, Генеральную пракуратуру, МУС, што ў сваіх дзеяннях і ўчынках я намераны кіравацца выключна прававымі і маральнымі нормамі, прынятымі ў беларускім грамадстве, і з пагардай стаўлюся да ўсіх спроб адміністрацыяў устаноў зганьбіць мой гонар і годнасць».

 

Былы палітвязень і былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформа» Андрэй Бандарэнка асуджаны на тры гады пазбаўлення волі паводле абвінавачання ў злосным хуліганстве. Сваёй віны асуджаны не прызнаў. Праваабаронцы дамагаюцца, каб Андрэй Бандарэнка быў прызнаны палітычным зняволеным.

www.svaboda.org