Атака на святароў працягваецца: затрыманы магілёўскі вікарый
Затрыманы віцэ-дэкан Магілёўскага дэканату, а. Віталій Чабатар CMF. Як стала вядома Хрысціянскай Візіі, гэта адбылося 17 лістапада.
![photo_2022_11_18_16_02_55.jpg photo_2022_11_18_16_02_55.jpg](/img/v1/images/photo_2022_11_18_16_02_55.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Айцец Віталій Чабатар належыць да Ордэну кларэтынаў і працуе ў Магілёве з 2007 г. У студзені 2018 г. біскуп Аляксандр Яшэўскі прызначыў яго віцэ-дэканам Магілёўскага дэканата. Актуальна з’яўляецца вікарыем мясцовай парафіі св. Антонія Падуанскага. Паходзіць з Гродна.
Гэта чарговая атака на святароў Магілёва — сёлета ў красавіку ўжо затрымлівалі мясцовага дэкана кс. Андрэя Кеўліча. Тады святар атрымаў штраф 20 базавых велічынь за распаўсюд “экстрэмісцкіх” матэрыялаў.
![Рэжым жорстка атакуе касьцёл. Хронікі атакі з 2020 Як рэжым атакуе касьцёл. Хроніка перасьледу з 2020](/img/v1/images/_dsc4341_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Пераслед святараў адбываецца па ўсёй краіне. 2 лістапада ў Брэсце былі затрыманыя ўніяцкі святар ІгарКандрацьеў і рэдактар газеты «Царква» Ігар Бараноўскі. Святару прысудзілі 12 сутак адміністрацыйнага арышту за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Ігару Бараноўскаму прысудзілі 15 сутак. Ігар Кандрацьеў вядомы тым, што ў жніўні 2020 года падчас пратэстаў выходзіў на вуліцы, размаўляў з удзельніцамі «ланцугоў салідарнасці», суцяшаў іх і маліўся разам з імі. Таксама ў жніўні на сустрэчы з кіраўніком выканкама Берасьця Аляксандрам Рагачуком айцец Ігар заклікаў выпусціць затрыманых. Калі чыноўнік згадзіўся, пайшоў да мясцовага ІЧУ і быў там усю ноч, пакуль апошні затрыманы не выйшаў на волю.
З пачатку восені знаходзіцца на Акрэсціна святар Уладзіслаў Багамольнікаў — клірык Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі. Служыў на «Плошчы Перамен» паніхіду па забітым Рамане Бандарэнку, аб'яўляў галадоўку ў знак салідарнасці з палітвязнем Ігарам Лосікам. Багамольнікава пераасудзілі шосты раз, агульны яго тэрмін за кратамі складае 89 дзён.
Двойчы на «суткі» асуджалі ксяндза з Лынтупаў Аляксандра Барана. 25 сакавіка на яго складалі пратакол за «незаконнае пікетаванне» па арт. 24.23 КаАП. Пікетаваннем тады палічылі сцягі на аватарцы ў сацсетках: 24 лютага — у дзень пачатку вайны Расіі супраць Украіны — ксёндз размясціў сцяг Украіны і бел-чырвона-белы сцяг. Праз пару дзён на яго склалі яшчэ адзін пратакол за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП) — за «лайкі» ў 2020 годзе пад публікацыямі інфармацыйных каналаў, якія пазней прызналі «экстрэмісцкімі». Зрэшты, у той раз ксёндз адседзеў толькі 8 сутак з 10 — яго выпусцілі напярэдадні Вялікадня. Напачатку жніўня святара зноў асудзілі — на 17 сутак паводле артыкула 22.23 КаАП.
На 15 сутак у ліпені быў асуджаны ксёндз Андрэй Вашчук SDS, пробашч парафіі Святога Духа ў Віцебску.
![Біскуп Касабуцкі заклікаў касцёл маліцца за арыштаванага ксяндза Біскуп Касабуцкі заклікаў касцёл маліцца за арыштаванага ксяндза](/img/v1/images/_mg_6484_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)