Бабруйск: Звольнілі ўдзельніка галадоўкі пратэсту Осіпава
Сябра Свабоднага прафсаюзу Беларускага Віктар Осіпаў звольнены з Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў.
Фармальная прычына — сканчэнне тэрміну дзеяння працоўнага кантракту. Сам жа Осіпаў лічыць, што працоўныя адносіны з ім спынілі, бо ён сябра незалежнага прафсаюзу і ўдзельнічаў у галадоўцы пратэсту супраць дыскрымінацыі працоўных прадпрыемства па прафсаюзнай прыналежнасці.
У інтэрв'ю "Радыё Свабода" Віктар Осіпаў адзначыў:
«Мой непасрэдны начальнік не быў супраць таго, каб я працягваў працаваць, а таксама працоўны калектыў напісаў хадайніцтва да кіраўніцтва заводу, каб мяне
не звальнялі. Але паколькі я ў Свабодным прафсаюзе і ўдзельнік галадоўкі, то адміністрацыя праігнаравала думку калектыву. Тое, што я добры працаўнік,
нікога з кіраўніцтва не цікавіць. Я ўсё ж спадзяваўся, што не звольняць, але звольнілі».
Віктар Осіпаў кажа, што адпрацаваў на заводзе дзесяць гадоў на розных вытворчых участках. Нараканняў на ягоную працу не было. Яму сорак гадоў. Лічыць, што знайсці
занятак у Бабруйску будзе яму складана, бо звесткі пра ягоную прыналежнасць да незалежнага прафсаюзу перадаюцца праз вертыкаль на розныя прадпрыемствы гораду.
Калегі Осіпава па працы, якія звярталіся да адміністрацыі, не задаволеныя ягоным звальненнем, але як абараніць яго, не ведаюць. Звальненне Осіпава яны
звязваюць, як і ён сам, з сяброўствам у Свабодным прафсаюзе.
Віктар Осіпаў стаў другім звольненым актывістам у 2014 годзе. У лютым адміністрацыя прадпрыемства ня стала працягваць працоўныя адносіны з сябрам Свабоднага
прафсаюзу Беларускага Аляксандрам Нікіткам.
Галадоўка дзесяці працаўнікоў заводу трывала тры дні. Удзельнікі акцыі пратэсту патрабавалі ад адміністрацыі спыніць пераслед працаўнікоў за прыналежнасць да Свабоднага
прафсаюзу, пачаць перамовы з суполкай у справе выпрацоўкі і заключэння працоўнай дамовы, а таксама скасаваць дыскрымінацыйныя пункты калектыўнай дамовы. Сярод
патрабаванняў значылася і выкананне пастановы суду аб допуску старшыні суполкі Кавалькова на тэрыторыю прадпрыемства. Таксама галадоўнікі патрабавалі выдзеліць пад сядзібу
суполкі памяшканне на тэрыторыі заводу.