Бачнасць дэмакратыі забяспечыла “масоўка”

30 сакавіка ў Гародні прайшлі грамадскія слуханні па пытанні вырубкі дрэваў. Гэтым разам, засвоіўшы ўрокі мінулага галасавання, чыноўнікі арганізавана прывезлі на месца “масоўку.



708be71b9ab6e0a84252760579ade9f1.jpg

30 сакавіка ў Гародні прайшлі грамадскія слуханні па пытанні вырубкі дрэваў. Гэтым разам, засвоіўшы ўрокі мінулага галасавання, чыноўнікі арганізавана прывезлі на месца “масоўку.

Слуханні прайшлі адразу ў чатырох месцах, аднак найбольшыя жарсці выклікалі дэбаты вакол зялёных насаджэнняў у раёне будынку філармоніі. Цягам мінулых слуханняў, якія прайшлі ў гарвыканкаме 16 сакавіка, грамадскасць прагаласавала супраць вырубкі, у сувязі з чым чыноўнікі… вырашылі «перагаласаваць» на месцы. Гэтым разам на галасаванне было пастаўлена 21 дрэва, сярод якіх каштаны і блакітныя елі, якія замінаюць рамонту фасаду і разбудове будынку.
Каб чарговы раз не апынуцца ў меншасці, дырэкцыя філармоніі, гарадская адміністрацыя, а мажліва і будаўнчыя структуры, арганізавалі на слуханні даволі арыгінальную «масоўку»: акрамя чыноўнікаў ды рамонтнікаў з будынку філармоніі, побач гойсалі паўтара дзесятку хлопцаў у спартовых касцюмах, адмыслова прывезеных на бусіку.

 

— Адкуль яны? — наўпрост пыталіся ў чыноўнікаў некаторыя з прысутных.
— Ну-у, гэта… неабыякавыя людзі, — гучаў адказ з доляй іроніі.
Цынізм падзеі абураў нават выпадковых мінакоў:
— Што вы робіце? З’ездзіце ва Вроцлаў, паглядзіце — там горад тоне ў зеляніне, а вы ўсё у асфальт закаталі… — кінуў праходзячы міма сталы мужчына.
Наўрад ці, аднак, ягоны голас застаўся пачутым, зрэшты, як і галасы неабыякавых эколагаў ды карэнных жыхароў гораду падчас галасавання.
Паводле Беларускіх рэгіянальных навін