«Бацьку цяжка было на гэта глядзець». Сямʼі Мікіты Крыўцова аддалі цела сына для пахавання
Бацька Мікіты Крыўцова ў прысутнасці незалежнага судова-медычнага экспэрта і адваката агледзеў цела сына ў моргу, піша Радыё Свабода.
«Паводле нашага эксперта, трэба дачакацца вынікаў даследаванняў, найперш гісталагічных, — паведаміў Радыё Свабода адвакат Крыўцовых Віктар Мацкевіч. — Цела за гэты час моцна змянілася. Бацьку вельмі цяжка было на гэта глядзець».
Паводле эксперта, як перадае адвакат, «адбыліся выразныя гніласныя змены мяккіх тканак цела, паказаліся косьці».
Жыхар Маладзечна Мікіта Крыўцоў знік 11 жніўня 2020 году. 12 жніўня жонка заявіла пра ягонае знікненне. Перад знікненнем ён хадзіў на акцыі пратэсту.
22 жніўня цела Мікіты Крыўцова знайшлі ў лесапарку ў раёне Парніковай вуліцы ў Мінску. Паводле інфармацыі СК, ягоная смерць не носіць крымінальнага характару. Сям’я Мікіты Крыўцова не пагадзілася з версіяй «самагубства» і падала заяву ў Следчы камітэт.