Ці варта абдымаць амапаўца?

У чым прычыны жорсткасці супрацоўнікаў АМАПу да затрыманых? Свабодзе патлумачыў псіхолаг Раман Кручкоў, які прафесійна працуе з агрэсарамі ў карэкцыйных групах.

2298931_profimedia0551410709_minsk_ff_1_1.jpg


— У чым прычыны жорсткасці супрацоўнікаў АМАПу да затрыманых, пра якую сведчаць сотні пацярпелых?
— Калі гавораць пра ваенныя дзеяньні, барацьбу са злачыннасцю, то вылучаюць абгрунтаваную і неабгрунтаваную жорсткасць. Абгрунтаваная — у інтарэсах усяго грамадства. Злачынцу затрымалі, і далей яму даюць ваду і падобнае. Але тое, што мы назіраем, складана нават блізка назваць абгрунтаванай жорсткасцю, складана абгрунтаваць гэтыя дзеянні. Калі глыбей, то, на жаль, у гісторыі кожнага народу шмат прыкладаў нечага падобнага, гэта адбываецца перыядычна.
Асноўная прычына такіх паводзінаў — тое, што людзі ва ўмовах вакуўму маральных межаў, адсутнасці заканадаўчай рэакцыі, грамадскага кантролю могуць ісці і ідуць усё далей і далей, і такія дзеянні могуць прыводзіць да сумных і трагічных наступстваў. Калі грамадства не ўсталявала такія межы, цалкам ці часткова страціла магчымасць абмяжоўваць такога роду дзеянні, то імавернасць іх узнікнення ці паўтарэння будзе ўзрастаць.
— Ці падбіраюцца людзі з пэўным тыпам асобы на службу ў такія структуры? Ці такія рысы выпрацоўваюцца на этапе падрыхтоўкі?
— Аналагічна адбору ў войска, чалавек павінен мець адпаведны стан здароўя, дастаткова высокі ўзровень фізічнай падрыхтоўкі. Вельмі сур’ёзная ўвага заўсёды аддаецца лаяльнасці дзейнай уладзе. Гэта спецыфіка спецслужбаў і міліцыі. Ёсьць псіхалягічны адбор, тэставанне, робіцца шматфактарнае асабовае апытанне, вызначаецца ўзровень інтэлекту, стараннасць, ці ёсць схільнасць да пэўных адхіленняў, напрыклад, небяспека суіцыдальных паводзінаў. Я ўжо не кажу пра спецправеркі ды іншае. Гэта стандартны падыход для усякай ваенізаванай структуры.
Розніца, магчыма, палягае ў тым, што ў АМАП ідуць людзі, якія адслужылі, прайшлі нейкую селекцыю. У кожнай падобнай структуры ўжываюць элементы псіхалагічнай і ідэалагічнай апрацоўкі, з'яднання калектыву, прафесійнай салідарнасці, перакананання ў далучанасці да абраных і гэтак далей.
— Вы працуеце ў карэкцыйных групах з агрэсарамі, хатнімі гвалтаўнікамі. Можа, супрацоўнікі АМАПу, якія збівалі, катавалі, здзекаваліся з затрыманых, ужываюць гвалт у сваёй сямʼі ці былі ахвярамі хатняга гвалту ў дзяцінстве?
— Сярод кліентаў былі і дзейныя, і былыя супрацоўнікі міліцыі. І яны не вылучаюцца ў асаблівую праблемную групу. Усе розныя. Сярэднестатыстычны чалавек, які ўжывае гвалт у сямʼі, для якога гвалт легітымны, — найбольш праўдападобна, выхоўвае дзяцей праз пакаранні або мае такі досвед сам. Чалавек, які прымае гэта як норму ў выглядзе нейкіх відовішчаў — адзінаборствы і падобнае, і чалавек, які ўхваляе ўжыванне такіх сродкаў, як гвалт, у палітыцы (рэпрэсіі, смяротная кара). Калі канкрэтны чалавек адпавядае сукупнасці гэтых рэчаў, то з вялікай доляй імавернасці ён не толькі ў прафесійнай сферы, але і дома можа ўжываць гвалт.
У структуры нашай псіхікі ёсьць кампанент, які адказвае за нормы, забароны, маральныя наказы. І працэс распаду ідзе паступова. Такім чынам грамадства так ці інакш нясе адказнасць за тое, што мы робім. Я перакананы, што такія паводзіны ніколі не бываюць аднамомантавымі. Недзе беларусы як грамадства папусціліся, недзе дазволілі гэтыя межы парушыць ці страцілі магчымасць кантраляваць.
— Некаторыя супрацоўнікі міліцыі звальняюцца на знак пратэсту. Гэта ўчастковыя, супрацоўнікі службы аховы, але не АМАПаўцы. Калі будзе дадзены загад зноў гэтак жа ўжыць жорсткасць, як было адразу пасля галасавання, усё будзе гэтаксама?
— Мне складана сказаць, але баюся, што так. Хацелася б верыць, што не, але асцерагаюся, што ў бліжэйшай перспектыве гэта магчыма.
— Якая тактыка можа быць у мірнага пратэстоўца, які выйшаў на вуліцу рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на мірны пратэст? Калі насупраць будуць стаяць узброеныя людзі, ці паўздзейнічае вокліч «міліцыя з народам»? Або калі абняць АМАПаўца?
— Я настроены вельмі скептычна. Калі чалавек выходзіць «зараджаным» на выкананне загаду, то трэба быць падрыхтаваным да таго, што ён разумее, што ён робіць, што ён так ці інакш бярэ адказнасць за свае дзеянні. Абсалютна дакладна не варта ўзаемадзейнічаць, дакранацца рукамі. Я свядома не ўжываю слова «правакаваць», бо ў яго адмоўная канатацыя. І адказнасць будзе на чалавеку, які пратэстуе. Але і ў другога боку заўсёды ёсьць магчымасць не біць.
— Ці можна казаць, што людзі, якія жорстка білі і катавалі людзей у аўтазаках, могуць мець пэўныя псіхічныя хваробы, разлады, адхіленні?
— Я лічу, што людзі, якія ўжываюць празмерны гвалт ці жорстка абыходзяцца са сваімі блізкімі, разумеюць, што яны робяць. І ў пераважнай большасці яны псіхічна здаровыя і ў прытомнасіці.