Брэстаўчанін пайшоў у краму і аблаяў там Лукашэнку — прысудзілі 3 месяцы арышту

15 снежня ў судзе Ленінскага раёна Брэста вынеслі прысуд па справе аб публічнай абразе Лукашэнкі. Разгляд гэтай справы пачаўся яшчэ ў кастрычніку. Абвінавачаным па ёй праходзіць Васіль Панасюк. Мужчыну абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 368 КК РБ («Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»).

Суд пакараў берасцейца трыма месяцамі арышту за абразу Лукашэнкі. Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Суд пакараў берасцейца трыма месяцамі арышту за абразу Лукашэнкі. Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Судовае пасяджэнне вёў суддзя Святаслаў Каліна.
Падчас разгляду матэрыялаў справы стала вядома, што 10 чэрвеня гэтага года прыкладна ў 11.00 Васіль Іванавіч прыйшоў у краму па алкаголь. Але там яму алкаголю не прадалі. Мужчына вырашыў не здавацца, таму пайшоў у бар. Там ён узяў піва, але плаціць за яго чамусьці адмаўляўся. Лагічна, што з боку бармэна да мужчыны ўзніклі пытанні. Мяркуючы па ўсім, яны Васілю Іванавічу вельмі не спадабаліся. У выніку мужчына стаў гучна абурацца — славесна «прыляцела» і супрацоўнікам бара, і існуючай дзяржаўнай уладзе, і нават Лукашэнку.
Усё гэта адбывалася на вачах у аднаго студэнта, які, па сутнасці, і стаў галоўным сведкам па гэтай справе. Падчас судовага пасяджэння высветлілася, што хлопец нават запісаў усё тое, што адбывалася ў бары, на аўдыё.
Вядома і тое, што аблаяўшы бармэнаў, уладу і Лукашэнку, мужчына прыстаў да двух хлопцаў у бары і таксама стаў скардзіцца на дзеючага кіраўніка краіны. Аднак тут побач зноў апынуўся той самы студэнт і прапанаваў Васілю распавядаць усё яму, а не гэтым двум хлопцам.
Нарэшце, гэты ж студэнт выклікаў на абвінавачанага міліцыю.
У якасці доказу злачынства на судзе былі агучаныя тыя самыя аўдыёзапісы: дыялог з прадаўцом, абразлівыя фразы ў адрас Лукашэнкі, званок студэнта-сведкі ў міліцыю…
На судовым пасяджэнні прысутнічала і прадавачка з крамы, да якой па алкаголь прыходзіў абвінавачаны. Жанчына патлумачыла, што канкрэтыкі таго здарэння яна не памятае, «бо тых, хто абураецца ўладай, прыходзячы ў краму, занадта шмат».
На аўдыёзапісах, якія праслухоўвалі ў судзе, можна было пачуць, да прыкладу, такія фразы: «97% супраць яго», «мянты даўно згодныя з народам», «яны не вінаватыя, яны хутка тэрмін свой адбудуць, а адбываюць за праўду», «пенсіянераў ён пакрыўдзіў усіх, с..а, ён дыктатар»...
Пасля праслухоўвання аўдыёзапісу суддзя спытаўся у абвінавачанага: «Гэта ваш голас?»
«Напэўна, мой», — разгублена адказаў Васіль Іванавіч. Ён жа растлумачыў суду, што тых падзей ён практычна не памятае. Як даваў паказанні следчаму — таксама. Таксама мужчына акцэнтаваў увагу на тым, што ў яго праблемы з сэрцам, была мазгавая траўма, здараюцца правалы ў памяці, а пасля таго выпадку ён наогул добраахвотна пайшоў лячыцца ў наркадыспансер.
Абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну і запэўніў, што на самой справе добра ставіцца да Лукашэнкі, бо той даў яму пенсію.
Пракурор запытаў для абвінавачанага тры месяцы арышту.
15 снежня суд вынес прысуд. Васіля Панасюка прызналі вінаватым у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 368 КК РБ («Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь») і прысудзіў тры месяцы арышту. У бліжэйшы час мужчына адбудзе сваё пакаранне. Пад варту ў зале суда яго не ўзялі.
spring96.org