Беларусы Нью-Ёрку пікетавалі “Фольксваген”
Каля 30 чалавек пратэставалі ў Нью-Ёрку супраць спансавання кампаніяй “Шкода”, якая належаць “Фольксвагену”, чэмпіянату свету па хакею ў Беларусі ў наступным годзе.
Беларусы Нью-Ёрку пікетуюць Фальксваген
Пратэстоўцы лічаць, што да таго часу, пакуль улада ў Беларусі кантралюецца аўтарытарным рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, такога кшталту спансаванне раўназначнае фінансавай падтрымкі афіцыйных
беларускіх уладаў.
Удзельнікі мітынгу праводзілі наўпроставую паралель паміж Алімпійскімі гульнямі, арганізаванымі ў 1936 годзе ў Мюнхене нацысцкімі ўладамі, з мэтаю прапаганды “дасягненняў новых уладаў” у гітлераўскай Германіі, і чэмпіянатам свету па хакею, які будзе выкарыстаны рэжымам Лукашэнкі з мэтаю прапаганды “дасягненняў рынкавага сацыялізму” ў Беларусі.
Пікетоўцы спадзяюцца, што кіраўніцтва канцэрну адумаецца
Яны патрабавалі неадкладнага вызвалення і рэабілітацыі палітычных зняволеных у Беларусі і правядзення свабодных дэмакратычных выбараў. У канцы мітынгу яго ўдзельнікі дамовіліся, што гэтая акцыя будзе не апошнім пратэстам, і падобныя мерапрыемствы будуць працягвацца, калі "Фольксваген" далей будзе працягваць спансаванне мерапрыемстваў, арганізаваных лукашэнкаўскімі ўладамі.
Нельга спансаваць рэжым, які ўтрымлівае палітзняволеных
Пікетаванне было арганізаванае новай арганізацыяй беларускіх эмігрантаў у ЗША “Беларусы ў выгнанні” (па-англійску “Belarusians in Exile”), якую ўзначальваюць
лекар-псіхіятр Дзмітры Шчыгельскі і былы кіраўнік Задзіночання беларускіх студэнтаў Яўген Іванюк. Узгаданы пікет стаўся першай вялікай акцыяй, арганізаванай “Беларусамі ў
выгнанні”.
Сярод удзельнікаў пікетавання і выступоўцаў былі: старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ Зянон Пазьняк, адна з кіраўнікоў Беларуска-амерыканскага задзіночання д-р Алла Орса-Рамана, Юрась
Зянковіч, Вікторыя Малаева ды іншыя.
Зянон Пазьняк каментуе акцыю амерыканскім тэлевізійшчыкам
Пікетаванне праводзілася ў рамках кампаніі, якую адначасова і незалежна ад сябе распачалі Беларуска-амерыканскае задзіночанне ў Амерыцы, Асацыяцыя “За мадэрнізацыю” на чале з былым кандыдатам у прэзідэнты Алесем Міхалевічам у Чэхіі і дэпутат Еўрапарламента ад Польшчы Марэк Мігальскі.