«Бог жабраваў і нам казаў»
Як там казалі нашы продкі? «З жабрака сарочкі не здзярэш»? Яшчэ як здзярэш — нават дзіўна, што на жабрацтва дагэтуль не ўвялі падатку.
Мяне не было ў Беларусі 5 месяцаў. Я з’язджаў у пачатку зімы, вярнуўся напярэдадні лета. Прыезд пасля доўгай адсутнасці вельмі абвастрае зрок. Шукаеш сляды цягнікоў, на якія не паспеў. І сярод пазітыўных момантаў, пра якія ведае любы чытач гарадскіх парталаў, я звярнуў увагу на новую адметнасць, пра якую ніхто не папярэдзіў.
Неяк да халеры стала тых, хто просіць грошы на вуліцах.
Ля вакзала да мяне падышлі адразу тры чалавекі — старая жанчына і два мужчыны працаздольнага ўзросту. Дробязь скончылася ўжо на другім, і далей даводзілася сарамліва апускаць позірк долу і паскараць хаду. Тыя, каму патрэбная грашовая дапамога, чакаюць у падземных пераходах, ля ўваходаў у метро, на вулачках у цэнтры, ля буйных крам і на выхадзе з кавярняў.
Гэта не бамжы, бо яны няблага апранутыя, хай сабе ў вачах стаіць роспач. Іх вопратка чыстая, гэта значыць, ім ёсць, дзе спаць і дзе праць. Яны не выглядаюць як моцна пітушчыя людзі, і аднекуль — адчуванне, што аскаюць яны не на чарніла, а на хлеб. Раней такога не было. Уласна, сустракацца першыя прасьбіты пачалі прыкладна год-паўтара назад. Але цяпер іх вельмі паболела.
Гэтая з’ява мае выразны мінскі каларыт. У іншых еўрапейскіх сталіцах жабракі сядзяць на тратуарах, побач — кардонка з пажаданнем і бляшанка з драбязой. У Нямеччыне і Францыі галоты паболей, у Швейцарыі ж няма зусім: пры такіх цэнах на хлеб лепей ехаць пакутаваць куды яшчэ, бо колькі б ні сабраў — на жыццё не хопіць.
У Беларусі сесці на прыступкі ля метро і збіраць у добрых людзей грошы не выпадае. Чаму? Пакруціце галавой — абавязкова заўважыце побач апранутую ў шэрую ўніформу прычыну. І вось, з’ява, якую ўдалося схаваць, заглядае вам у вочы на хаду. Нашы бедныя мусяць прасіць на бягу. Азіраючыся. Каб не затрымалі. Каб не было праблем. Бо, ведаеце, тут праблемы могуць быць нават у тых, у каго анічога няма. Як там казалі нашы продкі? “З жабрака сарочкі не здзярэш”? Яшчэ як здзярэш — нават дзіўна, што на жабрацтва дагэтуль не ўвялі падатку.
Адкуль бяруцца хрыстараднікі? З аднаго боку, мы мяжуем з краінай, у якой ідзе вайна. Але ні ў кога з просьбітаў я не чуў адметнага, нетутэйшага, акцэнту. Ды і колькасць бежанцаў, якія аселі ў Беларусі, статыстычна малая для таго, каб сфармаваць новую сацыяльную з’яву. Мне падалося, што ўсе просьбіты былі нашымі людзьмі. Што вымушаныя былі з’ехаць з вёсак, дзе немагчыма жыць, нават калі працуеш з цёмначы да цёмначы; што збеглі з райцэнтраў, дзе праца ёсць, але плацяць за яе так, што хапае толькі на жабрацкую торбу. Ды што я кажу — запытайцеся самі наступным разам, калі ў вас папросяць грошай у пераходзе ці ля крамы.
Як пераварыць гэтую новую з’яву грамадства? Як вызначае стаўленне да немаёмных беларуская культура?
Бо, ведаеце, тут лёгка заблытацца. Калі па тэлевізары ўхваляецца культ паспяховасці ды гнабяцца дармаеды (як быццам яны сталі дармаедамі ды галотай праз уласную ляноту, а не праз тыя ж чыннікі, што вызначаюць змест нашага тэлевізара), калі на бігбордах у горадзе ўхваляецца эліта з бадзёрым позіркам і сталёвымі сківіцамі — можна падумаць, што грамадства шчыра жадае працоўных лагераў для тых, хто застаўся на ўзбочыне квітнення. У сітуацыі, калі сацыялогія кажа толькі пра тое, пра што ёй сказалі казаць, слухаць трэба культуру. Бо менавіта ў ёй закадзіраваныя архетыпы, якія вызначаюць сімпатыі ці антыпатыі вялікіх мас носьбітаў той культуры.
З рускай культурай усё зразумела. У савецкай школе нас навучылі показцы “От сумы і тюрьмы не зарекайся”. На прасторы, дзе гістарычна няма закону, толькі выпадак вызначае, кім ты будзеш — жабраком, купцом, зняволеным ці князем. Беларускія показкі крыху іншыя. Дабрабыт у іх — не выпадковасць лёсу, а вынік дбайнасці, руплівасці, працавітасці: “Змоладу балі спраўлялі — пад старасць галышамі сталі”. Ці “не хочаш у маладосці працаваць — будзеш на старасці з торбачкай танцаваць”.
Але, што важна, стаўленне да бедных у беларускім фальклоры — паважнае, без пагарды. Памятаем, напрыклад, прымаўку “Лепей жабраваць, чым красці”. Памятаем зневажальнае для багатых “Усё паны ды паны, а хлеба з торбаю не палажы, бо і хлеб з’ядуць, і торбу ўкрадуць”. “Паны”, заможныя людзі, “вышэйшы клас” у фальклоры — горшы за жабракоў, бо тыя не крадуць, а просяць. Працавіты, дбайны чалавек не будзе “хадзіць па людзях”, але калі нехта ходзіць — яму трэба дапамагчы, бо ён — не “пан”, не крадзе.
Як у шмат якіх культурах, жабрак у беларускім фальклоры можа мець дадатковую “святую” варыяцыю. Гэта не лайдак, а “божы чалавек”, які адмовіўся ад назапашвання майна і ступіў на шлях удасканалення душы. Наяўнасць гэтай постаці надзяляе любога чалавека, які просіць, прыкметамі святога. У Арменіі кажуць: “Калі да цябе ў дом пагрукаўся чалавек — да цябе пагрукаўся Бог. Ты мусіш яго накарміць”. У Беларусі кажуць: “Бог жабраваў і нам казаў”. Жабрак у гэтым прачытанні — адзін з аватараў Збаўцы. І, галоўнае, ты ніколі не ведаеш, каго бачыш перад сабой, — персанажа прымаўкі “Не хочаш у маладосці працаваць — будзеш на старасці з торбачкай танцаваць” ці таго, каго апісвае показка “Бог жабраваў і нам казаў”. А таму нашы дзядоўскія заклёны вучаць нас шкадаваць усіх і дапамагаць усім.
І гэта тое, што дазваляе мне меней трывожыцца за бедакоў, якіх раптам зрабілася вельмі шмат на вуліцах беларускіх гарадоў. Бо фальклор глыбейшы за дзяржаву. Людзі ў цёмна-шэрай уніформе могуць ганяць іх з пераходаў, затрымліваць і штрафаваць. Для іх могуць прыдумляць падаткі, арганізоўваць працоўныя лагеры, але за плотам тых лагераў заўсёды знойдуцца літасцівыя сэрцам, якія дапамогуць тым, хто паводзіць сябе “як Бог”.