Ціханоўская заклікала падтрымаць у судзе журналістак Кацярыну Андрэеву і Дар'ю Чульцову
Адзін з самых недарэчных і гучных працэсаў-2020/2021 мае распачацца заўтра ў судзе Фрунзенскага раёна сталіцы. На лаве падсудных — рэпарцёркі «Белсату», якія вялі стрым з Плошчы Перамен. Абедзве ўжо прызнаныя палітвязнямі.
— Заўтра а 10:00 у Фрунзенскім раённым судзе (вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1) пачнецца суд над журналісткамі Кацярынай Андрэевай і Дар'яй Чульцовай, — гаворыць у звароце Святлана Ціханоўская. — Яны парушылі закон? Не. Яны абаранялі мемарыял Бандарэнку? Не. Рэжым ім помсціць? Так.
Віна Кацярыны і Дар'і заключаецца ў тым, што
рэжым забіў Рамана Бандарэнку. А калі людзі арганізавалі мемарыял у памяць пра Рамана на Плошчы Перамен — зладзіў штурм. І журналісткі ў прамым эфіры
паказалі гэта ўсяму свету.
Злачынцы заўсёды вяртаюцца на месца злачынства, але ў гэтым
выпадку яны адтуль і не сыходзілі. Некалькі тыдняў вакол Плошчы Перамен патрулі сілавікоў правяралі пашпарты ва ўсіх мінакоў і арыштоўвалі людзей.
З 9 жніўня журналістаў затрымлівалі больш за 400 разоў. Праз
арышты прайшлі больш за 90 чалавек. Зараз заведзена 15 крымінальных спраў на
журналістаў, а за кратамі сядзяць Кацярына Андрэева, Дар'я Чульцова, Кацярына
Барысевіч, Юлія Слуцкая, Ала Шарко, Сяргей Альшэўскі, Пётр Слуцкі, Ксенія
Луцкіна, Андрэй Аляксандраў, Аляксандр Мікрукаў, Юрый Дзяшук.
Яны, як і ўсе сумленныя журналісты, паказалі свету слабасць
і баязлівасць рэжыму. Вось за гэта «судзяць» журналістаў. Ідэолагі спадзяюцца,
што калі закрыць усе непажаданыя выданні і арыштаваць усіх сумленных
журналістаў, свет пагодзіцца прызнаць рэжым легітымным. Але ім пара зразумець:
гэтага не адбудзецца ўжо ніколі.
Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова знаходзяцца ў СІЗА з 15 лістапада. Іх затрымалі за стрым для тэлеканала «Белсат», яны асвятлялі разгон мітынгу памяці Рамана Бандарэнкі.
Кацярыне і Дар'і абвінавачванне прад'яўлена па ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак») КК РБ.
Праваабаронцы прызналі журналістаў палітвязнямі.