Спецпрадстаўнік Парламенцкай асамблеі АБСЕ: Сітуацыя ў Беларусі з'яўляецца прыярытэтным пытаннем
Пра гэта спецпрадстаўнік Даніэла дэ Рыдэр заявіла падчас анлайн-сустрэчы са Святланай Ціханоўскай.
У сустрэчы, апроч спецыяльнага прадстаўніка Парламенцкай асамблеі АБСЕ па Усходняй Еўропе Даніэлы дэ Рыдэр, прымаў удзел генеральны сакратар ПА АБСЕ Раберта Мантэла.
Пра кароткія вынікі паведамляе тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай.
Падчас сустрэчы Святлана Ціханоўская распавяла пра жудасныя ўмовы ўтрымання ў беларускіх турмах і заклікала АБСЕ прыняць меры.
Спецпрадстаўнік Даніэла дэ Рыдэр заявіла, што сітуацыя ў Беларусі з'яўляецца прыярытэтным пытаннем. Яна плануе шэраг сустрэч з беларусамі, уключаючы кіраўніка беларускай дэлегацыі ў ПА АБСЕ Андрэя Савіных.
Апроч таго, Святлана Ціханоўская ў дэталях патлумачыла, чым на самай справе з'яўляецца УНС. «Гэта ні што іншае як збор наменклатуры Лукашэнкі. Чарговае падабенства фальшывай інаўгурацыі. Ён робіць гэта для сябе, а не для людзей».
Таксама Ціханоўская паведаміла пра «суды» ў Беларусі, дзе людзей прысуджаюць да гадоў зняволення. Суддзі не слухаюць аргументаў, у Беларусі не дзейнічае закон. Заўтра адбудзецца «суд» над журналісткамі Дар'яй Чульцовай і Кацярынай Андрэевай. Таму АБСЕ трэба больш актыўна шукаць магчымасці для перамоваў — бо кожны дзень працы рэжыму нясе новыя ахвяры.
«Беларусы не здаліся і не здадуцца. Прага волі нікуды не знікла», — заявіла Святлана Ціханоўская.