Чаму Лукашэнка звольніў генпракурора Канюка? Версіі пра падтрымку рэпрэсаваных і сына, які працаваў у PandaDoc

Аляксандар Лукашэнка зняў з пасады генпракурора Аляксандра Канюка, прызначыўшы на яго месца экс-старшыню Дзяржкамітэта судовых экспертыз Андрэя Шведа. Што стаіць за гэтай адстаўкай? Версіі ад Свабоды.

Аляксандар Канюк, архіўнае фота

Аляксандар Канюк, архіўнае фота


Што сказаў ЛукашэнкаЛукашэнка адзначыў, што Канюк працаваў на пасадзе генпракурора дзевяць гадоў. «Больш за тое, чалавек надзейны, дзяржаўны, чалавек ваенны, прайшоў Афганістан, мы гэта ведаем. Ведае замежныя мовы. У яго есць жаданне папрацаваць на дыпламатычнай службе. Я не пярэчу супраць такога жадання. Трэба звязацца з міністрам замежных спраў і папрасіць яго падрыхтаваць свае прапановы», — сказаў ён.
Лукашэнка таксама заявіў, што лічыць кадравыя перастаноўкі «натуральным працэсам» у любой дзяржаве пасля выбараў.

Версія № 1

Адзін з лідараў кампаній салідарнасці BY_help і BYSOL Андрэй Стрыжак лічыць, што «нездольнасць пракуратуры спыніць плыні дапамогі ад народных фондаў» стала адной з прычын адстаўкі Аляксандра Канюка.
Стрыжак, які яшчэ да выбараў з'ехаў ва Украіну, апублікаваў запыт ГУБАЗіК МУС Беларусі з санкцыяй генпракурора на прадстаўленне інфармацыі пра банкаўскія рахункі людзей, звязаных з ініцыятывамі ўзаемадапамогі.


Згаданыя кампаніі ўзаемадапамогі пацярпелым ад рэпрэсій, звольненым па палітычных матывах, а таксама тым, хто звольніўся, сабрала ўжо больш за 2,8 млн долараў.

Версія № 2

Паводле інфармацыі dev.by, сын Аляксандра Канюка Дзмітры да канца сакавіка працаваў прадуктовым менеджарам у ІТ-кампаніі PandaDoc.
Пасля таго, як у PandaDoc прайшлі ператрусы з затрыманнем чатырох супрацоўнікаў, у профілі Дзмітрыя Канюка ў Facebook з'явілася рамка #SavePandaDoc ў знак салідарнасці з экс-калегамі.
Дзмітры Канюк таксама ініцыяваў праект па пошуку блізкіх пасля жнівеньскіх пратэстаў і масавых і жорсткіх затрыманьняў. Ён дзякаваў парталу Tut.by і генпракуратуры за дапамогу ў пошуку інфармацыі пра зніклых.
Супрацоўнікаў PandaDoc абвінавачваюць у тым, што яны як група асоб, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча, завалодалі грашовымі сродкамі ў памеры каля 107 тысяч беларускіх рублёў з бюджэту, прычыніўшы тым самым шкоду дзяржаве.
Раней заснавальнік кампаніі Сяргей Барысюк і Мікіта Мікада ініцывалі стварэнне прыватнай ініцыятывы па зборы грошай для сілавікоў, якія вырашылі змяніць прафесію. Яны атрымалі каля 600 заявак. Сяргей Барысюк у сябе ў Facebook адзначаў, што падчас ператрусаў у офісе шукалі спісы сілавікоў, якія звярнуліся да іх.