Чарговы «зліў». На гэты раз — інструкцыі, як ціснуць на жанчын і актывістаў страйку

З'явіўся запіс тэлефонных размоў праз месяц пасля пачатку пратэстаў, на якім міліцэйскія афіцэры вырашалі, як далей пераследаваць жанчын і як дзейнічаць з актывістамі страйку на «Беларуськаліі», паведамляе «Радыё Свабода».

1019980105.jpg


У сеціве з'явіўся чарговы зліў пра пратэсты 2020 года. На ім размова двух афіцэраў міліцыі Рамана М. і Віталя К. пра неабходнасць складаць пратаколы на ўдзельнікаў акцый пратэсту.
Міліцэйскі начальнік заяўляе свайму падначаленаму, што, у адрозненне ад іншых рэгіёнаў, пад Мінскам узрастае пратэсная актыўнасць. Пры гэтым у размове сустракаецца і тэма вывешаных у вокнах і на балконах нацыянальных сцягоў — у тым выпадку, 10 верасня 2020 года, заяўлена, што толькі «ЖЭС ці архітэктура» могуць складаць свае заключэнні і не дапускаць гэтага. Як вядома, пазней міліцыя пачала складаць пратаколы за «незаконнае пікетаванне» і адпраўляць людзей на «суткі».
У шэрагу выпадкаў сілавікі самі прымацоўвалі сцяг на балконе, каб яго сфатаграфаваць і абумовіць затрыманне чалавека, а ў судзе сведчыць супраць яго, каб затрыманага арыштавалі.
На жанчын, якія бралі з сабой на акцыі дзяцей, у размове прапануецца з дапамогай адпаведных дзяржаўных сацыяльных служб складаць пратаколы аб пастаноўцы ў «сацыяльна небяспечнае становішча». Раман М. пасля прамых указанняў віцэ-прэм'ера Ігара П. прапанаваў ідэнтыфікаваць асобы жанчын-удзельніц акцый і «напружваць камісію па справах непаўналетніх».
Таксама абмяркоўваюцца пратэсты ў шахцёраў у Салігорску. Відавочна, што міліцыянты атрымалі каманду працаваць са страйкоўцамі «акуратна», не затрымліваць усіх адразу, а размаўляць з імі, паколькі «Беларускалій» — стратэгічна важнае прадпрыемства. Аднаму з суразмоўцаў, Віталю К., гэта яўна не падабаецца, і ён не хавае сваіх негатыўных эмоцый, кажучы, што «сілы і сродкі ёсць».
Як і ва ўсіх папярэдніх «злітых» размовах, матэрыялах праслухоўвання міліцыянтаў, на стужцы гучаць нецэнзурныя словы.