Драма Дому Мураўёва ў Гародні
Гісторыя з Домам Мураўёва дагэтуль адна з самых трагічных па мерках старой Гародні. Велічны будынак у стылі мадэрн, з шыкоўнымі інтэр’ерамі, за савецкім часам перадалі абласной бібліятэцы. Напрыканцы 1980-х бібліятэка пераехала, у доме пачаўся «рамонт», які перайшоў у перманентнае занядбанне і раскраданне з карупцыйнымі скандаламі ды крымінальнымі справамі.
Велізарны на свой час гмах Дому купца Мураўёва паўстаў на Параднай плошчы Гародні яшчэ ў 1890-х. Цікава, што тагачасныя гарадзенцы камяніцу не ўпадабалі, палічыўшы яе «пачварнай» як для цэнтру некалі каралеўскага гораду. Сапраўды, будынак вельмі выбіваўся сваім стылем, каларыстыкай ды павярховасцю з ансамблю плошчы XVIII ст.
Будынак вылучаўся сваім шыкам: вітражы ў вокнах, гербавыя шчыты на фасадных вежачках, па-мастацку аздобленыя балкон ды карнізы. Унутры — ляпніна, роспісы, каваныя поручні, кафляныя печы з залачонымі каронкамі.
Зрэшты, нічога дзіўнага, калі ўлічыць, што сям’я Мураўёвых, паводле гісторыка Ігара Трусава, былі вядомыя спекуляцыямі зернем ды пастаўкамі для царскага войска. Некаторыя з Мураўёвых пахаваныя на старых гарадзенскіх праваслаўных могілках. Мала каму вядома, што апошні вядомы прадстаўнік роду працаваў у 1960-я вартаўніком у доме, які належаў ягонаму роду.
За савецкім часам у будынку месцілася Абласная бібліятэка імя Карскага. Інтэр’еры не былі знішчаныя ані падчас Першай, ані падчас Другой сусветных войнаў: праз бамбаванні павыляталі шкляныя шыбы ды пацярпеў адзін з гербавых картушоў, не больш. Самае цікавае пачалося падчас пераезду бібліятэкі ўжо ў часы Перабудовы.
«Гарадзенскае праектнае бюро пачало займацца гэтым аб’ектам яшчэ ў 1989 годзе, — распавядае гісторык архітэктуры Ігар Трусаў, — Тады бібліятэка яшчэ не пераехала, але рыхтавалася будаўніцтва новага будынку для яе каля кінатэатру «Усход». Грошаў не хапіла, таму бібліятэка апынулася ў Новым замку. У будынку былі праведзеныя сур’ёзныя даследаванні, то бок навуковага матэрыялу для якаснай рэстаўрацыі хапала».
Але калі бібліятэку выселілі, будынак фактычна згубіў гаспадара. Яго спрабавалі прадаць праз аўкцыён. Кожны чарговы ўласнік аказваўся або банкрутам (на рахунку фірмы «Пульс, якая выйграла тэндэр у 1995-м, было 139 руб. 5 капеек), або не быў у стане выканаць закон аб захаванні гісторыка-культурнай спадчыны.
«Будынак быў разрабаваны яшчэ напрыканцы 1980-х, калі толькі выехала бібліятэка, — працягвае Трусаў, — На працягу 1990-х там было бязладдзе: ад моладзевых нефармальных тусовак да мэтанакіраванага вывазу рэштак інтэр’еру – ад печаў да паркетаў. Там сядзеў адзін вартаўнік, які не быў у стане ўсё дагледзець. Таму да канца 1990-х ад інтэр’ераў не засталося абсалютна нічога».
За знішчэнне гісторыка-культурнага помніка ў 1990-я так ніхто і не адказаў. У 1999-м прэзідэнт ААА «Пульс», якое займалася будынкам, Абрам Рудашэўскі з’ехаў у ЗША, а тагачасны кіраўнік упраўлення культуры Вячаслаў Брыкач, які падпісваў з ім дамову, ціха сышоў на пенсію. Раней, у 1997-м годзе начальнік аддзелу абласной пракуратуры Ігар Мартыненка канстатаваў, што «справа прыпыненая, бо неўсталяваная асоба, якая здзейсніла злачынства», а пасля і зусім закрытая — па тэрмінах даўніны.
З 2005 па 2013 будынкам займаўся «Беларускі народны пенсійны фонд», які планаваў зрабіць у ім гатэль. Гарадзенцам гэты перыяд запомніўся будаўнічай сеткай з надпісам «Муравьефф-отель», якой быў зацягнуты будынак. Гэтым часам былі грунтоўна пераробленыя (чытай, знесеныя) унутраныя перакрыцці, знятыя старыя разныя вокны, зніклі дзверы з каванымі элементамі.
У 2013-м, калі ў фонду пачаліся праблемы на нацыянальным узроўні, апошнім намінальным уласнікам будынку была кампанія «Мега Поліс».
«Улады цяпер у чарговы раз знаходзяцца ў пошуку інвестара, — канстатуе Трусаў, — працы не рухаюцца ўжо другі год. За ўвесь гэты час, калі падлічыць, бюджэтных сродкаў на гэты будынак было выдаткавана агромністая колькасць. Але зараз з дзярж-бюджэту нічога не выцягнеш — патрэбен адэкватны інвестар».
Сёння будынак у чарговы раз апынуўся не патрэбным нікому: на недаробленым аб’екце няма ані шыльды з пашпартам, ані рабочых, ані камераў назірання, ані вартаўніка. З аднаго боку, усё каштоўнае з унутраных інтэр’ераў ужо вынесена, з іншага — да нядаўняга часу там яшчэ заставаліся насценныя і настольныя роспісы і ляпніна больш як стогадовай даўніны.
Калі параўнаць здымкі з 2010 году і сённешнія, бачна, што ад роспісаў, якія пакрывалі ўвесь масіў сценаў, засталіся толькі рэдкія выспачкі. Такім чынам тое, што не было збіта вандаламі або злушчылася ад вады, дабілі рабочыя. Будынак, падаецца, наўпрост згубіўся ў часе, хоць па яго аднаўленні існавалі цалкам адэкватныя і прагматычныя праекты:
«Быў адзін цікавы праект, які так і не быў рэалізаваны, — узгадвае Трусаў, — Згодна яму, трэба было некалькі гістарычных будынкаў побач, якія ўжо не існуюць (то бок збудаваць наноў). Іх здаць пад крамы і офісы, а за гэтыя грошы рабіць якасную навуковую рэстаўрацыю Дому Мураўёва».
Гісторык архітэктуры дадае таксама, што аднавіць можна было б нават гербавыя картушы на Доме Мураўёва (іх купцы ў свой час атрымалі за прыналежнасць да найвышэйшай купецкай гільдыі ў Расейскай Імперыі). Для гэтага адмыслоўцу хапіла б 3-4 дзён працы ў пецярбургскіх архівах.
На думку іншага гісторыка, Андрэя Чарнякевіча, усё выглядае яшчэ больш песімістычна:
«Дом Мураўёва — гэта прыклад «фасаднай архітэктуры». То бок мы бачым фасадную сценку, а тое, што адбываецца ўнутры, ані з гісторыяй, ані з архітэктурай аніяк не звязана. Акрамя першай сценкі зараз там і ратаваць няма чаго. Зразумела, што гэты аб’ект будзе, але будзе ў зусім скажоным выглядзе…»
Паводле belsat.eu