Эколагі супраць выканкама

У Глыбокім 11 лістапада пачаўся суд па іску грамадскага аб’яднання “Экадом” супраць выканкама, які даў дазвол на будаўніцтва царквы без правядзення абавязковага грамадскага абмеркавання.



v_postavskom_rayone_mestnye_zhiteli_i_ekologi_sudyatsya_s_rayispolkomom_iz_za_stroitelstva_hrama_na_beregu_ozera_bolduk.jpg

Возера Балдук. Фота vitebsk.center

Пачалося ўсё з таго, што мінскаму бізнесмену Мікалаю Рамановічу, які ўжо пабудаваў сабе летні асабняк, захацелася пабудаваць яшчэ і царкву. Справа, канешне, добрая, але месца для будаўніцтва ён выбраў акурат ля ўнікальнага возера Балдук, дзе любое будаўніцтва звычайнаму чалавеку было б забаронена. Бо гэта зямля належала да гідралагічнага заказніка Швакшты. 

 

Але бізнесмен атрымаў дазвол мясцовай улады без правядзення грамадскага абмеркавання, экалагічнай экспертызы і іншых працэдур. А хутка зямлю, на якой пачалося будаўніцтва, вывелі за межы заказніка і прыядналі да вёскі Станьчыкі. У выніку атрымалася дзіўная сітуацыя: вакол Станьчыкаў — гідралагічны заказнік, а у саміх Станьчыках — будуй, што хочаш. Але нават у гэтым выпадку выканкам павінен быў правесці грамадскае абмеркаванне праекта будаўніцтва.

Грамадскасць і эколагі выступілі супраць. Мясцовыя жыхары правялі з гэтай нагоды сход, з дапамогай экалагічных арганізацый было сабрана больш за 15 тысяч подпісаў супраць будаўніцтва царквы, а таксама на дзеянні выканкама пададзены іск у суд. Эколагі спрабуюць дабіцца выканання працэдуры пры прыняцці таго роду рашэнняў.

 

На першае пасяджэнне акрамя адказніка па справе прыйшла і група падтрымкі: “прадстаўнікі мясцовых жыхароў”, якіх прадстаўнік выканкаму адразу запісаў у сведкі. Судовае пасяджэнне пачалося з анекдота: адказчык сцвярджаў, што нібыта сход, праведзены супраць будаўніцтва царквы — гэта і былі грамадскія слуханні. І, нібыта, арганізавалі гэты сход не мясцовыя актывісты, а Лынтупскі сельсавет.

У прынцыпе, пасля гэтага пасяджэнне суда можна было закрываць, а плануемае будаўніцтва — скасоўваць. Бо калі гэта былі грамадскія слуханні, то грамада выказалася адназначна супраць будаўніцтва. Але працэдура абмеркавання прадугледжвае аб’яву аб слуханнях, экспазіцыю архітэктурнай канцэпцыі і гэтак далей. Калі гэта былі слуханні, дык чаму не была выкананая гэтая працэдура?

Навошта, лічыць прадстаўнік выканкаму. Паводле ягоных словаў, у артыкуле пра гэтае будаўніцтва на партале tut.by ёсць прыгожыя фотаздымкі, якія замяняюць усе дакументы.

А потым выканкам заслухаў “сведак”, запрошаных выканкамам. Амаль усе сведкі чыталі свае заявы з паперак. Па-першае, яны сцвярджалі, што ў Станчыках, дзе плануецца ўзвядзенне царквы, жыве спрэс апазіцыя. Па-другое, гэтая апазіцыя марыць пасварыць католікаў і праваслаўных. І самае галоўнае — гэта зусім не Лынтупскі сельсавет праводзіў сход-абмеркаванне, як сцвярджаў прадстаўнік выканкаму, а БНФ і “Экадом”.

Прадстаўніку Пастаўскага выканкаму засталося толькі сцвярджаць, што будаўніцтва царквы ўжо ўзгодненае, усе экспертызы праведзеныя, а калі яно ўзгодненае, то грамадскія абмеркаванні непатрэбныя.

У выніку суддзя, насуперак чаканаму сёння рашэнню па правядзенні грамадскіх слуханняў, адклаў далейшае разбіральніцтва да 25 лістапада.

 

У прынцыпе, зразумела, чаму Пастаўскі выканкам так хапаецца за гэтае будаўніцтва. Мікалай Рамановіч у судзе паведаміў, што будоўля будзе каштаваць 6 мільярдаў рублёў. Але вось Бадук мы можам страціць назаўсёды.