Галандскія журналісты і сакрэтная мова войска

Галандскія журналісты цікавіліся вучэннямі "Захад–2017", а ў адказ: "Уё... адсюль, бо зараз як стрэльну!"

Ілюстрацыйнае фота surfanon.net

Ілюстрацыйнае фота surfanon.net

Да рэдактара “Вольнае Глыбокае” Уладзімера Скрабатуна наведаліся калегі — журналісты галандскай газеты, яны хацелі атрымаць інфармацыю пра вучэнні "Захад–2017". Скрабатун пазнаёміў іх з фрылансерам Змітром Лупачам і папрасіў яго суправаджаць гасцей па горадзе.

Галандскім журналістам захацелася зведаць на сабе ўсё тое, з чым даводзіцца сустракацца падчас тэрытарыяльных вучэнняў звычайным людзям у Глыбокім. Да таго ж было цікава зрабіць рэпартаж для газеты: праехаць праз блок-пост, распытаць у вайскоўцаў пра вучэнні.

Як запэўніваў іх Зміцер Лупач, нічога не атрымаецца. Але калі госці жадаюць, трэба ж ісці насустрач і не пакідаць іх у гэтай справе. Паехалі.

Па словах Змітра, 15 верасня яны паехалі праз урочышча Барок, дзе размешчаны адзін з галоўных блок-пастоў, перад самым уездам у горад. Мяшкі з пяском, грыбок, палатка, вайскоўцы і міліцыянты ў касках з аўтаматамі.

Журналісты спыніліся там і, паказваючы дакументы, спрабавалі наладзіць размову з міліцыянтамі, якія стаялі на пасту. Ім адказалі, што ніхто нічога казаць не будзе, бо ідуць вучэнні, усё засакрэчана. А таксама папярэдзілі, што здымаць нельга, бо ў іх няма на гэта акрэдытацыі Міністэрства абароны.

Калі журналісты спрабавалі яшчэ штосьці запытацца, міліцыянты ім карэктна прапанавалі ехаць далей або вяртацца назад.

І тут з палаткі выйшаў вайсковец у званні сяржанта. Па словах Змітра, ён чымсьці нагадаў яму прараба на будоўлі, ці вясковага брыгадзіра. “Шчокі як іржышча, твар колеру зямлі. Але выгляд, як у генерала”, — кажа Зміцер.

І адразу сяржант пачаў размову, відаць, з асноўных словаў свайго лексікону: “Уё... адсюль, бо зараз як стрэльну!”.

Журналісты паспрабавалі яму штосьці пра правы і закон распавесці, але ў адказ вайсковец пачаў яшчэ больш лаяцца і трэсці перад імі зброяй. Падалося, што ён даўно не трымаў у руках аўтамат, і зараз з вялікім задавальненнем пры дапамозе яго паказвае сваю перавагу перад бяззбройнымі людзьмі.

Як кажа Лупач, у той час у галандскага журналіста Тома вочы сталі круглыя, было бачна, што ён хоць і разумее па-руску, але такіх слоў, відаць, не чуў. “Гэта сакрэтная мова нашага войска, — сказаў Зміцер. — Такі заб’е і прозвішча не запытае”.

Журналісты ўсё ж вырашылі ехаць наперад, у горад. Міліцыянты абшукалі машыну, а вайсковец падняў шлагбаум — палку з прывязанай шасцярнёй. Па прыездзе ў горад журналісты спрабавалі яшчэ паразмаўляць з вайскоўцамі ці міліцыянтамі, якія былі задзейнічаныя ў вучэннях, але ўсё аказалася марным: больш ніякай інфармацыі яны не атрымалі.

А ў той час некаторыя інтэрнэт-рэсурсы пісалі, што ў Глыбокім няма абмежаванняў на свабоду перамяшчэння і ўсе мясцовыя жыхары задаволеныя вучэннямі...

 baj.by