Чаго чакаць ад апошняга дня вучэнняў «Захад-2017»
20 верасня
на завяршэнне беларуска-расейскіх стратэгічных вучэнняў «Захад-2017» кіраўнік
Беларусі Аляксандар Лукашэнка разам з расейскім міністрам абароны Сяргеем Шайгу
наведае палігон «Барысаўскі».
Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін у Беларусь на вучэнні не прыедзе, хоць яму было накіравана запрашэнне.
Паводле Міністэрства абароны Беларусі, Лукашэнку пакажуць «адпрацоўку супольных дзеянняў разнародных сілаў і сродкаў Узброеных сілаў РБ і РФ у адбіцці наступу ўмоўнага праціўніка і стварэнні ўмоваў правядзення контранаступу з далейшай задачай разгрому праціўніка і аднаўлення страчанага становішча».
Самалёты СУ-34, СУ-25, верталёты МІ-24 і МІ-28-5 адпрацуюць пытанні нанясення ўдараў па сілах умоўнага праціўніка. Самалёты СУ-23МР будуць ажыццяўляць кантроль удараў авіяцыі. Верталёты МІ-8 50-й змяшанай авіяцыйнай базы адпрацуюць высадку дэсанту.
Кіраўніку краіны прадэманструюць магчымасці новых узораў узбраенняў і вайсковай тэхнікі, якія распрацавалі ў Беларусі. Сярод іх верхабраняваны аўтамабіль V-1 вытворчасці МЗКЦ з супрацьтанкавым ракетным комплексам. А таксама супрацьтанкавы ракетны комплекс «Шэршань» і рэактыўную сістэму залпавага агню «Палянэз».
Раней расейскія СМІ паведамілі, што кіраўнік Беларусі меўся наведаць вучэнні на тэрыторыі Расеі разам з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным, але потым гэтыя пляны змяніліся. Кіраўніца прэзідэнцкай прэс-службы Натальля Эйсмантназвала гэта «інсінуацыямі». Яна сказала, што Лукашэнка ад пачатку плянаваў узяць удзел у вучэннях на тэрыторыі Беларусі. Афіцыйнага запрашэння кіраўніку беларускай дзяржавы прыехаць на гэтае вучэнне ў Расею не паступала. Таксама яна сказала, што беларускі бок накіроўваў запрашэнне Пуціну, аднак афіцыйнага адказу не дачакаўся.
Сумесныя расейска-беларускія вучэнні «Захад-2017» праходзяць на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасня.
Паводле афіцыйных звестак, у Беларусі яны ахопяць 7 палігонаў і 2 асобныя мясцовасці, у іх возьмуць удзел 10 200 вайскоўцаў: 7000 — з беларускіх падраздзяленняў, 3000 — з расейскіх. На манэўры акрэдытавана 280 журналістаў, запрошана 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і краінаў NATO.
Краіны — суседкі Беларусі непакояцца, што Крамлю вучэнні патрэбныя для агрэсіўнага развіцця вайсковай прысутнасці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO, і ператварэння Беларусі ў пляцдарм для наступу на Ўкраіну.
Беларуская апазіцыя асцерагаецца, што прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін можа выкарыстаць вучэнні, каб распачаць анэксію Беларусі.
Міністэрства абароны Беларусі адзначыла «абарончы» характар вучэнняў «Захад-2017» і паабяцала, што ўсе расейскія вайскоўцы, якія бяруць у іх удзел, пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасня.