Акумулятарны завод не зробіць шкоднага ўплыву на здароўе?
Узвядзенне завода пачалося ў свабоднай эканамічнай зоне "Брэст". Будуе завод ТАА "АйПаўэр" — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык будаўніцтва — кітайскае ТАА "Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя".
![ak5z8084.jpg ak5z8084.jpg](/img/v1/images/ak5z8084.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
“З разгляду праекта акумулятарнага завода відаць, што прадпрыемства не зробіць шкоднага ўплыву на здароўе насельніцтва Берасця і Берасцейскага раёна”, — заявіў на прэс-канферэнцыі 11 студзеня галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Берасця і Берасцейскага раёна Генадзь Радчанка.
Паводле яго слоў, пры выдачы станоўчага заключэння на будаўніцтва завода чыноўнікі кіраваліся санітарнымі нормамі і правіламі, а таксама патрабаваннямі да арганізацыі санітарна-ахоўных зон прадпрыемстваў.
“Для прадпрыемстваў па вытворчасці свінцовых акумулятарных батарэй санітарна-ахоўная зона складае 500 метраў. Згодна з дакументамі, найбліжэйшы населены пункт — вёска Хабы Берасцейкага раёна — знаходзіцца на адлегласці 750 метраў ад завода. Садаводчыя таварыствы — 1.200 метраў, вёска Шчэбрын — 1.800 метраў. На прадпрыемстве прадугледжаныя лакальныя ачышчальныя збудаванні, сістэмы вентыляцыі”, — сказаў Радчанка.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што канчатковае заключэнне адносна аб’екта будзе выдадзенае пасля завяршэння будаўніцтва.
На прэс-канферэнцыі адзначалася, што праект прайшоў экспертызу ў рэспубліканскім цэнтры дзяржаўнай экалагічнай экспертызы пры Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Станоўчае рашэнне аб будаўніцтве завода выдадзенае таксама Берасцейскім райвыканкамам, СЭЗ „Брэст”, Дзяржбуднаглядам.
“У Беларусі жорсткія ўмовы для адкрыцця прадпрыемстваў такога профілю, — сказаў дырэктар акумулятарнага завода Сяргей Мельнікаў. — І мы іх выконваем, каб пабудаваць не толькі завод, але і пашыраць бізнес. На гэтай жа базе разглядаем будаўніцтва дадатковых магутнасцяў па выпуску акумулятараў цягавай і індустрыяльнай групы, якія ў нашу краіну імпартуюцца”.
Узвядзенне завода пачалося на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” ў свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. Будуе завод ТАА „АйПаўэр” — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык будаўніцтва — кітайскае ТАА „Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя”.
На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.
6 студзеня ў Берасці актывісты пачалі збор подпісаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Жыхары горада і найбліжэйшых вёсак лічаць, што гэтае прадпрыемства пагражае іх здароўю.
Паводле слоў
аднаго з удзельнікаў збору подпісаў блогера Сяргея Пятрухіна, зварот будзе накіраваны ў Адміністрацыю прэзідэнта,
Палату прадстаўнікоў, Брэсцкі аблвыканкам і абласны савет дэпутатаў.
БелаПАН
www.racyja.com, belapan.com