Гіганцкі астэроід пройдзе на днях побач з Зямлёй
Да Зямлі набліжаецца гіганцкі астэроід — шырынёй каля кіламетра і даўжынёй 990 метраў. У найбліжэйшыя дні ён пройдзе на вельмі блізкай адлегласці ад нашай планеты.
Пра гэта паведамілі ў NASA. Астэроід назвалі "2014-YB35", і, паводле ацэнак спецыялістаў, ён праляціць паблізу Зямлі ў пятніцу, 27 сакавіка.
Астэроід ляціць з хуткасцю больш чым 23 тыс. міль у гадзіну і апынецца прыкладна за 2,8 млн міль ад Зямлі, што вельмі невялікая адлегласць па астранамічных мерках.
Аб'ект "2014-YB35" быў заўважаны яшчэ ў канцы мінулага года, і астраномы асабліва сочаць за яго рухам на гэтым тыдні.
На думку спецыялістаў, калі б гэты астэроід стукнуўся аб Зямлю, яго абломкі патрапілі б у атмасферу і выклікалі б такія змены клімату, што планета стала б непрыдатнай для жыцця.