ГУУС Мінгарвыканкама: Грамадзянін Дабравольскі перашкаджаў законным дзеянням міліцыі
ГУУС Мінгарвыканкама пракаментавала інцыдэнт, які здарыўся 25 студзеня ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска падчас разгляду "справы графіцістаў".
Нагадаем, актывісты Павел Сяргей і Максім Шыцік у зале суда разгарнулі транспарант з надпісам "Не палітычным пераследам" і скандавалі "Мастацтва не злачынства!". Супрацоўнікі МУС вывелі Шыціка і Сяргея з залы з ужываннем грубай сілы. Тое, што адбывалася, ужо за межамі залы суда на тэлефон пачаў здымаць журналіст tut.by Павел Дабравольскі.
Як потым расказалі яго калегі, ён "патрапіў пад раздачу", яго, як і актывістаў, збілі ў суседнім памяшканні. "Вырвалі з рук камеру, журналісцкае пасведчанне і пачалі
збіваць. Па маіх адчуваннях, мне нанеслі прыкладна некалькіх дзясяткаў удараў нагамі. Я паспрабаваў закрыць твар рукамі і падстаўляў спіну. Потым мне закруцілі рукі, а нехта з праваахоўнікаў паставіў
сваю нагу мне на твар", — сказаў пазней Дабравольскі.
Затрыманых спачатку адвезлі ў Фрунзенскае РУУС, потым вярнулі назад у суд. Павел Сяргей і Максім Шыцік былі аштрафаваныя на 50 і 45 базавых велічынь адпаведна (10,5 млн. і 9,45 млн. рублёў). На 45
базавых велічынь аштрафавалі Паўла Дабравольскага. Суд прызнаў іх вінаватымі па артыкулах 24.1 (непавага да суду) і 23.4 (непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы) КоАП.
Павел Дабравольскі напісаў заяву ў міліцыю аб збіцці амапаўцамі ў будынку суда.
У паведамленні аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС гаворыцца, што 25 студзеня ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска падчас разгляду крымінальнай справы двое непрацуючых жыхароў Маладзечна
перашкаджалі правядзенню судовага паседжання. Суддзёй было вынесена папярэджанне аб магчымасці выдалення з залы суда, на якое яны не адрэагавалі. Па ўказанні суддзі супрацоўнік міліцыі прапанаваў
гэтым грамадзянам пакінуць памяшканне суда.
"На законныя патрабаванні супрацоўніка міліцыі пакінуць залу суда грамадзяне не адрэагавалі і аказалі непадпарадкаванне, у сувязі з чым да іх была прымененая фізічная сіла. Таксама быў
затрыманы грамадзянін П.Дабравольскі, які пранік у службовае памяшканне, дзе знаходзіліся парушальнікі правапарадку, перашкаджаў законным дзеянням супрацоўнікаў міліцыі, на заўвагі спыніць свае
супрацьпраўныя дзеянні не рэагаваў", — каментуе інцыдэнт ГУУС.
"У дачыненні да аднаго з затрыманых суддзёй суда Фрунзенскага раёна быў складзены адміністрацыйны пратакол па арт. 24.1 (непавага да суда) КоАП, супрацоўнікамі міліцыі —
адміністрацыйны пратакол па арт. 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў) КоАП. У дачыненні да двух іншых затрыманых
— адміністрацыйныя пратаколы па арт 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў)
КоАП", — гаворыцца ў паведамленні ГУУС.
Справы аб адміністрацыйных правапарушэннях былі разгледжаныя ў згаданым судзе, вінаватыя аштрафаваныя.
У адпаведнасці з законам "Аб органах унутраных спраў" для спынення супрацьпраўных дзеянняў ужывалася фізічная
сіла. Па факце правамернасці яе ўжывання ў ГУУС Мінгарвыканкама прызначаная службовая праверка, гаворыцца ў паведамленні сталічнай міліцыі.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН