Кабанаў і Андрасюк, што выступалі супраць завода АКБ, атрымалі вялікія тэрміны арышту

У судзе Ленінскага раёна Брэста 20 красавіка судзілі трох актывістаў, якія выступаюць супраць акумулятарнага завода і бралі ўдзел у акцыі пратэсту 12 красавіка.

Дзмітрый Андрасюк у судзе

Дзмітрый Андрасюк у судзе

На актывістаў заведзеныя адміністрацыйныя справы за арганізацыю і ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП).

Дзмірый Бекалюк быў затрыманы ўвечары ў пятніцу, Аляксандра Кабанава і Дзмітрыя Андрасюка затрымалі ранкам у суботу. На ўсе выходныя іх памясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

Разгляд спраў прызначылі на 14.30 у розных суддзяў.

Справу Дзмітрыя Бекалюка разглядаў суддзя Аляксандр Семянчук. Актывіст хадайнічаў аб выкліку ў якасці сведкаў міліцыянтаў, якія падчас затрымання не азнаёмілі яго з правамі, а таксама прасіў тыдзень для працы па справе яго адваката. У выніку суддзя даў час на пошук адваката да 15.00 22 красавіка.

Дзмітрый Бекалюк распавёў праваабаронцу Уладзіміру Вялічкіну пра тое, як адбывалася яго затрыманне.

“Я зайшоў у краму, затым туды забеглі чатыры міліцыянты. Адзін з іх паказаў пасведчанне і сказаў, што я затрыманы і ў адносінах да мяне вядзецца адміністрацыйны працэс. Я папрасіў яго азнаёміць мяне з правамі, але той адмовіўся. “Вы ведаеце, што парушаеце правы?” – спытаў я. “Так, ведаем. Можаце потым апратэставаць”, – адказаў міліцыянт. Затым уключылі вельмі гучна музыку ў машыне і адразу адвезлі ў ІЧУ”.

Судзіць Дзмірыя Андрасюка пачаў суддзя Дзмітрый Шурын. Напачатку працэсу Андрасюк папрасіў суддзю паказаць яму сваё пасведчанне. Той адмовіўся гэта рабіць, і тады Андрасюк, у сваю чаргу, адмовіўся ўдзельнічаць у судовым працэсе. Яго выдалілі з залы суда. Праз некаторы час стала вядома, што суддзя прыняў рашэнне арыштаваць яго на 15 сутак.

Справу блогера Аляксандра Кабанава разглядаў суддзя Дзмітрый Куроўскі. У адрозненне ад двух іншых актывістаў, якіх судзяць па ч. 3 арт. 23.34 КаАП, Кабанава абвінавачваюць у парушэнні часткі 2 — то-бок яго вінавацяць непасрэдна ў арганізацыі акцыі 12 красавіка. Пасля допыту сведкі міліцыянта Філіпа Кітленкі суддзя вынес рашэнне — арыштаваць блогера на 15 сутак.

spring96.org