Экаактывіста з Брэста Дзмітрыя Бекалюка таксама асудзілі на 15 сутак арышту

22 красавіка ў судзе Ленінскага раёна Брэста працягнуўся разгляд адміністрацыйнай справы экалагічнага актывіста, праціўніка завода АКБ Дзмітрыя Бекалюка. Яго вінавацілі ў парушэнні ч. 3 арт. 23.34 КаАП – удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Дзмітрый Бекалюк у сузе. Фота ПЦ "Вясна"

Дзмітрый Бекалюк у сузе. Фота ПЦ "Вясна"

Дзмітрый Бекалюк быў затрыманы ўвечары пятніцы 17 красавіка ў краме чатырма супрацоўнікамі міліцыі. Тыя не патлумачылі яму правы і адразу завезлі ў ізалятар часовага ўтрымання. Там Бекалюк даведаўся, што ў адносінах да яго распачаты адміністрацыйны працэс за тое, што ён прымаў удзел у акцыі супраць завода АКБ 12 красавіка. У суботу 18 красавіка былі затрыманы яшчэ два актывісты – Аляксандр Кабанаў і Дзмітрый Андрасюк.
У панядзелак 20 красавіка Кабанава і Андрасюка асудзілі на 15 сутак арышту кожнага. Разгляд справы Бекалюка адклалі да серады 22-га, бо той запатрабаваў час на азнаямленне са справай. 
Разглядаў справу Дзмітрыя Бекалюка суддзя Аляксандр Семянчук. Перад пасяджэннем ён забараніў весці фота і відэаздымкі. Сам Бекалюк перад пачаткам суда вырашыў пайсці ўзяць неабходныя рэчы, бо лічыў, што яго таксама могуць асудзіць на "суткі". 
Суддзя зачытаў матэрыялы справы, згодна з якімі, 12 красавіка Бекалюк публічна выражаў незадаволенасць дзеючай уладай і заводам. Бекалюк хадайнічаў запатрабаваць матэрыялы відэазапісу з дзяжурнай часткі, які мог пацвердзіць факт незадавальнення яго просьбы на адваката і неазнаямленне з яго правамі. Суддзя адмовіў у хадайніцтве. Бекалюк прасіў далучыць да справы яшчэ шэраг дакументаў, у прыватнасці пра кепскі стан здароўя састарэлай маці і пра тое, што Бекалюк мае на ўтрыманні непоўнагадовае дзіця, якое таксама мае захворванне.
Пасля невялікага перапынку Бекалюк ізноў казаў суддзю, што супрацоўнікі міліцыі, якія яго затрымлівалі, адмовілі яму ў праве на абарону. Таму ён прасіў прызнаць пратаколы і рапарты несапраўднымі. Але суддзя зноў адмовіў у тым, каб запатрабаваць відэа з дзяжурнай часткі.
Затым апыталі сведку-міліцыянта, старэйшага інспектаар па забеспячэнні грамадскага парадку Ленінскага РАУС Андрэя Хвесюка.
"Я быў на плошчы з 12.25 да 12.30, Бекалюка бачыў. Той выступаў (казаў) пра завод, уладу, каментаваў кірўніка дзяржавы, апісваў знешні выгляд. Па нядзелях Бекалюк там часта нешта выступае. Добра ведаю Бекалюка, ягоны голас і знешні выгляд, таму не сумняваюся, што гэта быў ён. Дакладна прамову не памятаю", – сказаў сведка.
Ён таксама сказаў, што пазнаў Бекалюка па твары і канстытуцыі цела.
Пасля апытання міліцыянта суддзя зачытаў сценаграму выступа актывіста на акцыі 12 красавіка, а затым прадэманстраваўся на вялікім экране відэазапіс з акцыі. Суддзя Семянчук прыйшоў да высновы, што пратакол адпавядае відэазапісу.
Наступным апыталі сведку – участковага міліцыянта Георгія Войтку, які прымаў удзел у затрыманні Бекалюка.Таксама суддзя зачытаў артыкул з TUT.BY, у якім узгадваліся прозвішчы Бекалюка, а таксама праваабаронца "Вясны" Уладзіміра Вялічкіна.
Бекалюк апісаў момант затрымання:
"Войтка забараніў фота- відэа-, аўдыя-, на патрабаванне забяспечыць адваката ўключыў гучна музыку. Калі я патрабаваў права на абарону, ён пагражаў прымяніць сілу. Ён пратакол не складаў, пісаў нехта Дзяніс Міхайлавіч, які не прадстаўляўся і павышаў голас, Я патрабаваў адваката і патрабаваў, каб мяне апыталі. Мне адмовілі і напісалі, што ад тлумачэнняў адмовіўся".
Войтка адмаўляў словы Бекалюка, казаў, што правы яму растлумачылі.
Суддзя вынес рашэнне – асудзіць Дзмітрыя Бекалюка на 15 сутак арышту.
spring96.org