Нядзельная акцыя пратэсту ў Брэсце адбылася нягледзячы на затрыманні лідараў
Чарговая сустрэча праціўнікаў будаўніцтва завода пад Брэстам сабрала 19 красавіка на плошчы Леніна каля 280 чалавек, паведаміў TUT.BY праваабаронца Раман Кісляк.
На гэты раз сустрэча прайшла без лідараў пратэсту: Дзмітрыя Бекалюка, Аляксандра Кабанава і Дзмітрыя Андрасюка. Іх затрымалі 17 і 18 красавіка. Праваабаронцы мяркуюць, што падставай для іх затрымання стаў выхад на плошчу ў мінулую нядзелю, 12 красавіка.
— Па нашых дадзеных, цяпер затрыманыя знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання ў Брэсце, — паведаміў Раман Кісляк.
Удзельнікі сустрэчы прыйшлі на плошчу Леніна ў ахоўных масках і стараліся знаходзіцца адзін ад аднаго на адлегласці. Каля 13.00 яны прайшлі калонай па цэнтральных вуліцах Брэста. На гэты раз без банэраў і гучнагаварыцеля, але з лозунгамі: «Свабоду актывістам», «Не заводу АКБ», «Чыноўнікаў на нары» і «Лукашэнка сыходзь».
Паводле папярэдняй інфармацыі, абышлося без затрыманняў.
Нагадаем, акумулятарны завод будуецца на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст» ТАА «АйПауэр». Жыхары Брэста і некалькіх вёсак Брэсцкага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю.
14 чэрвеня 2019 году Брэсцкі аблвыканкам апублікаваў на сваім сайце распараджэнне губернатара Ліса аб прыпыненні будаўніцтва акумулятарнага завода «да ліквідацыі выяўленых парушэнняў». 17 чэрвеня абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыпыніў дазвол заводу на выкід забруджвальных рэчываў у атмасферу.
2 ліпеня таго ж года стала вядома, што Генпракуратура праводзіць праверку па сітуацыі з будаўніцтвам і ўвядзеннем у эксплуатацыю акумулятарнага завода ў Брэсце. У вытворчасць прынятыя крымінальныя справы, распачатыя Камітэтам дзяржаўнай бяспекі па арт. 430 (Атрыманне хабару) і 431 (Дача хабару) Крымінальнага кодэкса Беларусі ў дачыненні да кіраўніка ТАА «ПАК-кіраванне» Віктара Лемяшэўскага, галоўнага бухгалтара ТАА «Белінвестторг-Сплаў» Святланы Лемяшэўскай, былога дырэктара ТАА «Белінвестторг-Сплаў» Сяргея Ахрэмчука, намесніка дырэктара ТАА «Белінвестторг-Сплаў» Івана Пакіслюка. 1 ліпеня іх заключылі пад варту. Цяпер Лемяшэўскага, па некаторых дадзеных, выпусцілі.
9 красавіка 2020 года «АйПауэр» атрымаў станоўчае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы па праекце будаўніцтва акумулятарнага завода. 15 красавіка стала вядома, што акумулятарны завод атрымаў дазвол на выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра. 16 красавіка кампаніі выдалі станоўчае заключэнне «Галоўдзяржбудэкспертызы».
tut.by