Карыстацца таксафонамі ў калоніях вязням стане складаней. Без дапамогі сваякоў цяпер не абысціся

Тэлефонныя карткі, якімі карыстаюцца вязні ў калоніях, замяняюць на віртуальныя карты. Цяпер сваякам трэба адкрываць рахунак у «Белтэлекаме».

taksafon.jpg

Ад 1 студзеня «Белтэлекам» выводзіць з эксплуатацыі электронныя пластыкавыя карты для таксафонаў, якія выкарыстоўвалі зняволеныя для званкоў блізкім з калоніі. Цяпер вязняў трэба пераводзіць на паслугі «Картачнага рахунку».

Такім чынам, для карыстання гэтай паслугай сваякам неабходна будзе заключыць дамову ў сэрвісным цэнтры РУП «Белтэлекам». Як піша «MAYDAY», абаненту выдадуць карту, на якой будзе ўказаны PIN-код. Саму карту неабходна выслаць у калонію або іншую ўстанову, а вось PIN-код сваякам варта трымаць у сябе, каб была магчымасць папоўніць карту грашыма і праверыць баланс.

«Картачны рахунак» можна папаўняць, у тым ліку праз АРІП, на любую суму і ў любы час у залежнасці ад патрэбнасці ў званках. Пры кожным папаўненні тэрмін дзеяння дамовы і карыстання паслугай аўтаматычна працягваецца на 2 гады.