«Слёзы на вачах, бо не можаш дапамагчы». Экс-арыштантка распавяла пра камеру №15 на Акрэсціна

«Кавалачак сыру яна падзяліла на восем частак — атрымалася трошкі больш, чым памер пазногця, на кожную. Мы ўзялі гэты сыр і паклалі на языкі, каб адчуць яго смак. Яна гэта пабачыла — у яе пырснулі слёзы, і ў нас слёзы навярнуліся. Таму што яшчэ некалькі дзён таму ты мог сабе дазволіць пайсці набыць любога сыру ў краме, а тут цешышся з любога кавалачку».

hands_help.jpeg

Сёлета пры канцы верасня 51-гадовую мінчанку арыштавалі на 12 сутак за рэпост у закрыты тэлеграм-чат паведамлення з канала «BYPOL», які ўлады прызналі экстрэмісцкім. Таксама ў яе за гэта канфіскавалі тэлефон «iPhonе». Арышт мінчанка адбывала ў ЦІПе на Акрэсціна. 90 вошай у бяздомнай суседкі, 11 чалавек у двухмеснай камеры №15, амаль два тыдні без перадач, душа і прагулак — гэта тое, што яна перажыла за гэтыя 12 сутак. Пры гэтым жанчына ўзгадвае вялікую салідарнасць беларусак-сукамерніц: чаяванне з цукеркамі ад кашлю, жменька арэхаў на ўсю камеру ў гонар святаў, кавалачак сыру на васьмярых. Былая арыштантка распавяла «Вясне» пра ўмовы ўтрымання ў ЦІПе на Акрэсціна ў канцы верасня-пачатку кастрычніка.

КДБ прыйшоў на працу

Як распавядае мінчанка, сілавікі прыйшлі па яе проста на працу. Яе тэрмінова выклікаў дырэктар у кабінет. Як кажа мінчанка, з мінулага месца працы яе звольнілі за «актыўную дзейнасць у якасці сяброўкі ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі». Паводле жанчыны, калі сёлета пачалі адбывацца паўторныя затрыманні і «звальненні па спісах», яна разумела, што, магчыма, прыйдуць і да яе.

«Рыхтавацца да таго, што могуць прыйсці, напэўна, немагчыма. Ці можна проста зарабіць параною».

23 верасня мінчанку да сябе выклікаў дырэктар. Насустрач ёй выйшлі двое мужчын у масках, паказалі пасведчанні супрацоўнікаў КДБ і паведамілі ёй, што яна з'яўляецца падазраванай па справе. Аднак паведаміць адразу, па якой менавіта, жанчыне адмовіліся. Мінчанку павезлі да яе на кватэру рабіць ператрус.

«Пры гэтым супрацоўнікі паводзіліся досыць ветліва. Забралі два тэлефоны са стала, а таксама папярэдзілі, што я магу не хвалявацца і, магчыма, я яшчэ прыеду сёння на працу. Вывесці спачатку хацелі праз чорны ход чамусьці, але вывелі ў выніку праз звычайны.

Дома шукалі сімволіку — не знайшлі. Забралі дзве бабіны стужкі белага і чырвонага колераў, якія былі набытыя для пакавання падарункаў і проста для дому. Таксама забралі ўзоры-напамінкі, якія засталіся, — як запаўняць лісты для збору подпісаў. Ноўтбук адразу забралі. Увогуле, не знайшоўшы дома нічога для сябе цікавага, яны павезлі мяне на гутарку. Як аказалася, у РУУС. Яшчэ падчас ператрусу адзін з супрацоўнікаў, праглядаючы мой тэлефон, знайшоў рэпост з канала "BYPOL". Спытаў, ці ведаю я, што гэта экстрэмісцкі канал і рэпост забаронены. Я адказала, што ведаю».

Як пазней высветлілася, ператрус праводзіўся ў межах крымінальнай справы паводле арт. 289 Крымінальнага кодэкса — «Акт тэрарызму».

«Тады гэта было пекла. Нельга быць маральна гатовым, як бы ты сабе гэта ні тлумачыў. Можа быць, і ёсць людзі, якія гатовыя да такога — не ведаю. Мяне трэсла ўвесь час. У мяне проста быў шок, калі ты не разумееш, дзе ты і што робіш.

З'язджаючы з дому, мне сказалі, што магу не пераапранацца, хутка вярнуся. У выніку я прыехала ў РУУС у спадніцы, белым швэдры, жоўтым паўпаліто і ботах».

«Навошта адпраўляла пасылкі тым, хто ў СІЗА?»

Мінчанка распавядае, што ёй задавалі пытанні падчас ператрусу і ў машыне па дарозе ў РУУС. Пыталіся пра мінулую працу, з кім кантактуе, ці распаўсюджвае інфармацыю пра страйк і «BYPOL». У РУУС, кажа жанчына, супрацоўнікі КДБ правялі з ёй невялікі допыт: калі і з якой мэтай уступіла ў план «Перамога», ці распаўсюджвала інфармацыю пра яго сярод супрацоўнікоў, навошта адпраўляла пасылкі тым, хто ў СІЗА.

«Не пачуўшы адказаў, якія іх задавальнялі б, мяне адправілі да супрацоўнікаў Першамайскага РУУС, якія склалі пратакол за рэпост з "экстрэмісцкага" канала "BYPOL".

Шэсць гадзін у «стакане» ў РУУС

Пасля складання пратаколу паводле арт. 19.11 КаАП жанчыну адправілі ў камеру пры РУУС чакаць этапу ў ІЧУ.

«Камера прыблізна 2х2, бетонныя сцены, без вокнаў, з бетоннай лаўкай. У камеры пакінулі ў маіх рэчах, забраўшы толькі цёплы шалік (паводле тэхнікі бяспекі, нельга доўгі шалік). Сядзець было немагчыма, замярзала попа, таму я, галоўным чынам, хадзіла ці прысядала, каб сагрэцца. У камеру мяне прывялі каля 15-й гадзіны, на ІЧУ адправілі каля 21-й».

Перад «засяленнем» у ІЧУ мінчанка прайшла агляд, распрананне, прысяданні ў голым стане, хуткае (амаль скорагаворкай) апытанне медыкам, змяшчэнне ў «стакан» — бетоннае памяшканне памерам метр на метр. Там яе пратрымалі каля паўгадзіны, але жанчына так і не зразумела, з якой мэтай яе там трымалі. Пасля гэтага яе перамясцілі ў двухмесную камеру.

«У ёй была драўляная двухпавярховая шконка без матрацаў і пасцельнай бялізны. Ноч у ІЧУ прайшла пры ўключаным святле. Сном назваць складана — ты проста правальваешся і ўсё. Як была ў спадніцы, швэдры і паўпаліто, так і спала. Раніцай паднялі, далі грэчку. Суд быў прызначаны на 14:00. За гэты час тройчы перавялі з камеры ў камеру».

«На судзе — "загнаны ў кут звярок"»

Паводле жанчыны, суд яна чакала некалькі гадзін і ўвесь гэты час не верыла, што яе могуць арыштаваць.

«Суд прайшоў імгненна, я такога майстэрства скорагаворак, якім валодала суддзя Ліннік, даўно не чула. Я прызнала віну, аднак суд пастанавіў: 12 сутак арышту, канфіскацыя тэлефона, які быў яшчэ ў растэрміноўцы. На судзе былі дачка і сяброўкі. Яны сказалі, што ў такім стане мяне ніколі не бачылі: проста загнаны ў кут звярок».

Камера №15: «Ад бяссілля моўчкі глытаеш слёзы»

Пасля 21-й гадзіны мінчанку прывялі ў сумнавядомую камеру №15 у ЦІП на Акрэсціна.

«Гэта двухмесная камера, у якой на той момант ужо былі чатыры чалавекі: Насця Кандрацьева-Крупеніч, бяздомная жанчына і яшчэ дзве жанчыны. Дзяўчынкі потым узгадвалі: адчыняюцца дзверы — і ўваходзіць дама ў доўгай спадніцы, жоўтым паўпаліто, белым швэдры.

Дзяўчынкі сустрэлі вельмі цёпла: далі шкарпэткі, штаны спартыўныя, майку як ручнік. Распавялі пра правілы, прынятыя ў "хаце": двойчы на дзень прыборка па чарзе. Дзяўчынкі выдзялілі мне зубную шчотку, якая засталася ад ранейшых дзяўчынак, бутэльку для вады, таксама з захаваных запасаў».

Праз пару гадзін у двухмеснай камеры стала шэсць чалавек.

«Спалі мы на падлозе, таму што двух'ярусная шконка была ў выглядзе кратаў з плоскіх металічных пласцін. На першым ярусе спала жанчына, у якой было аперыраванае калена, таму яна не магла спаць на падлозе.

На шконку яна рассцілала некалькі кофтаў і ўкладвалася, займаючы больш-менш зручнае становішча. Пасля такога сну ўсё цела было ў сіняках. Каб павярнуцца, яна дзвюма рукамі трымалася за поручні і са стогнам пераварочвалася. А ў цябе слёзы на вачах, таму што дапамагчы не можаш і ад бяссілля проста моўчкі глытаеш слёзы».

Дзесяць пунктаў з распарадку дня не выконваліся

Праз дзень у камеру прывялі яшчэ 75-гадовую жанчыну — цяпер стала сем чалавек. Мінчанка падрабязна распавядае, што з імі адбывалася ў гэтай камеры:

«Святло ў камеры гарэла 24/7. Акрамя таго, кожныя 15 хвілін на працягу сутак у вочка камеры зазіраў дзяжурны. Уначы былі праверкі: а 2-й і 4-й ночы.

На сцяне вісеў распарадак дня, які ўключаў 15 ці 16 пунктаў, але фактычна з іх выконваліся пяць ці шэсць: тры прыёмы ежы, прыборка, праверка. Душ і прагулкі за мае 12 сутак адсутнічалі. Прычым заўсёды нашы просьбы пра душ ці прагулку заканчваліся зневажальным каментаром кшталту "вядома, можна ў душ, толькі трубу прарвала". Абяцалі заўтра, але заўтра адказ такі самы. Аналагічна і наконт прагулак: "Можна, толькі там то халодна, то асфальт падняўся", — то яшчэ нейкая абсурдная прычына.

У камеры было цёпла і вельмі душна. Праветрывання не было ад слова "зусім". Часам нам дазваляў дзяжурны пакінуць прыадчыненую "кармушку". І часам на ноч пакідалі прыадчыненай, але ўначы з яе так цягнула паветрам, прабіраючыся па спіне, што баяліся застудзіцца.

Паколькі ў душ не вадзілі, мы прыстасаваліся да мінімальных працэдур у туалеце, выкарыстоўваючы бутэльку з вадой. Бялізну сваю мылі ў ракавіне і раскладвалі на верхняй шконцы. Калі быў вечаровы і ранішні шмон, наглядчыкам, напэўна, адмысловы кайф дастаўляла скінуць гэта ўсё на падлогу».

Дасталі ў бяздомнай Любы за раз 90 вошай

Як распавядае жанчына, ціск на іх у «палітычнай» камеры ажыццяўляўся праз бяздомных жанчын, якія мелі вошай:

«Самае непрыемнае было, калі да нас у камеру прывялі яшчэ двух бамжоў. Адна — Люба — ужо была. Разам тры. Адна з іх — знакамітая Ала Іллінічна. Першаму бамжу мы чысцілі галаву, таму што ў дзяўчынак завяліся вошы і гніды. Мы выпрасілі ў медсупрацоўніка сродкі, якімі апрацавалі галовы дзяўчынкам і бяздомнай жанчыне, якая была з намі першапачаткова. Акрамя гэтага, у яе былі адзежныя вошы, што водзяцца ў адзенні. Я прасіла адправіць на пражарку адзенне, але ніхто яго не адправіў. Праз гэта наш дзень складаўся з таго, што мы па некалькі разоў правяралі адна адной вошай. Першы раз у Любы мы дасталі 90 вошай. Бяздомных жанчын мы не пускалі на сваю палову».

Бяздомныя не разумелі, нашто так здзекавацца і зневажаць людзей

Паводле былой арыштанткі, туалетную паперу жанчынам тады яшчэ выдавалі, але агульную сітуацыю з прыбіральняй гэта не вырашала.

«Наогул прыбіральня ў ЦІПе — дадатковы від знявагі. У дзвюх сукамерніц быў разлад страўніка, і яны па паўдня не выходзілі з прыбіральні. Вы ўяўляеце, што гэта такое? Калі ўсё бурліць, усе гукі — гэта ўсё на ўсю камеру. Дзяўчынкі спрабавалі занюхваць зубной пастай, хтосьці заціскаў пальцамі нос. Жанчыны выходзілі са слязьмі на вачах, таму што проста сорамна і непрыемна. У адной бамжыхі быў шок ад гэтых усіх [дрэнных] умоў. Яна ніяк не магла зразумець, нашто так здзекавацца і зневажаць людзей. Нават для іх гэта было незразумела».

Чаяванне з цукеркай, адзначэнне святаў жменькай арэхаў

«Да нас у камеру прывялі дзяўчыну, затрыманую на маршы. Яна ў нас гадзіны дзве пабыла літаральна. І паколькі не было ахоўніц-жанчын, то яе не дапытвалі, і яна прыйшла з пакетам рэчаў, у якім быў кавалачак сыру. Яна гэты сыр падзяліла на восем частак — атрымалася трошкі больш, чым памер пазногця, на кожную. Мы ўзялі гэты сыр і паклалі на языкі, каб адчуць яго смак. Яна гэта пабачыла — у яе пырснулі слёзы, і ў нас слёзы навярнуліся. Таму што яшчэ некалькі дзён таму ты мог сабе дазволіць пайсці набыць любога сыру ў краме, а тут цешышся з любога кавалачку.

Яшчэ ў той час нам перадавалі лекі. І ў нас было шмат таблетак для рассмоктвання, ад кашлю. Мы кожны раз прасілі выдаць нам па чатыры таблеткі на дзень. Мы іх збіралі і аднаго разу зладзілі чаяванне з цукеркай. Звычайнаму чалавеку гэтага не зразумець, а тады гэтая таблетка ад кашлю была смачнейшай за любы слодыч.

1 кастрычніка мы адзначалі дзень пажылых людзей і ў Насці [Крупеніч] была гадавіна сумеснага жыцця. Яна цудам захавала ў сябе жменьку арэхаў. І вось яна пачаставала нас чвэртачкай грэцкага арэха, палавінкай арахіса і палавінкай міндаля. Мы віншавалі адна адну, як на свяце. І мы смакавалі гэтыя арэхі, трымалі іх у роце, рассмоктвалі і павольна жавалі, каб адчуць смак іншай ежы і іншага жыцця».

«Калі мне адчынілі дзверы і вывелі, то на вуліцы ў мяне здарылася жудасная істэрыка»

«Сядзець было вельмі складана. У камеры нас было заўсёды каля 11 чалавек. Ратавала толькі тое, што сядзяць аднадумцы. Калі мы ў камеры пачыналі смяяцца, то падляталі ахоўнікі да камеры і пачыналі грукаць па дзвярах.

Калі казаць пра тое, як я перанесла гэтыя 12 сутак, то проста сціскаешся ў спружыну і намагаешся не думаць, колькі табе засталося. Думаеш, як пражыць толькі гэты дзень. Вельмі баялася выхаду, таму што вельмі шмат было "каруселяў", калі на людзей складалі паўторныя пратаколы, як у выпадку Насці Крупеніч. Мне было вельмі страшна. Унізе мяне трэсла, пакуль быў агляд. На выхадзе мне аддалі ўсе перадачы, якія мне прыносілі.

Калі мяне вывелі і сказалі прайсці трошкі, дзе мяне сустрэне іншы ахоўнік, я думала, што мяне зараз павядуць у наступныя дзверы назад на ЦІП і я не выйду. Гэта было пекла. Але калі мне адчынілі дзверы і вывелі, то на вуліцы ў мяне здарылася жудасная істэрыка.

Некалькі дзён я баялася выходзіць з дому. Пасля гэтага дома не жыла, а была ў знаёмых за горадам. Дома было знаходзіцца страшна. Потым я з'ехала з Беларусі».

spring96.org