Кіраўнік Кабінета Ціханоўскай: Ідуць звальненні ў СК, ААЦ і нават ГУБАЗіК
Кіраўнік Кабінета Святланы Ціханоўскай Валерый Кавалеўскі звярнуўся да супрацоўнікаў сілавых структур і заклікаў іх перайсці на бок беларускага народа.
![Фота Дзмітрыя Дзмітрыева Фота Дзмітрыя Дзмітрыева](/img/v1/images/marsz_adzinstva_6__15__logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева
Кіраўнік Кабінета Ціханоўскай Валерый Кавалеўскі пракаментаваў судовы працэс па справе забойства Генадзя Шутава, які ідзе ў Брэсце.
«Гэта вельмі паказальна. Супрацоўнікаў МУС дзяржава хавае пад маскамі і прыдуманымі імёнамі, а прадстаўнікоў Міністэрства абароны лёгка і проста выкочваюць "пад сафіты". Выканаўцаў здадуць без усялякіх сумневаў. Гэта сігнал для ўсіх, каго задзейнічалі ў аперацыях па пагашэнні пратэстаў», — сказаў Кавалеўскі.
На яго думку, Лукашэнка спрабуе знайсці лаяльных у краіне, дзе лаяльных больш няма і давяраць яму няма каму. Гэтым тлумачацца пастаянныя праверкі лаяльнасці ўнутры сістэмы.
«Цалкам распушчана чацвёртае ўпраўленне КДБ па абароне канстытуцыйнага ладу. Ідуць звальненні ў СК, ААЦ і нават ГУБАЗіК. Адбываецца актыўная зачыстка ўсіх цэнтральных апаратаў. А тым часам вакансіі ў сістэме запаўняюцца з цяжкасцю. У дэпартамент аховы МУС ужо бяруць людзей з адміністрацыйнымі правапарушэннямі, не звязанымі з парушэннямі ПДР. Раней такога не было ніколі. Вы ўжо зразумелі, што яго час скончыўся. Мы таксама гэта разумеем. І заклікаем станавіцца нашымі прыхільнікамі цяпер».
Валерый Кавалеўскі дадаў, што ў новай Беларусі знойдзецца месца кожнаму, хто абараняе закон, а таксама выказаўся супраць пагалоўных люстрацый і пераследаў.