Лекар Антон Юдзін з РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі абараніў дысертацыю на беларускай мове

У Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі адбылася адметная навуковая падзея — паспяховая абарона дысертацыі на атрыманне ступені кандыдата медыцынскіх навук. Дысертацыю абараніў лекар Антон Юдзін. Тэма — «Лячэнне пацыентаў, хворых на рак нізкаампулярнага аддзела кутніцы, з ужываннем неаад’ювантнай хіміяпрамянёвай тэрапіі».

dsc05335.jpg

Як адзначае Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, адметнасць гэтай падзеі палягае не толькі ў высокай навуковай і практычнай вартасці даследавання, але і ў тым, што праца выканана на беларускай мове. Важна, што пасяджэнне вучонага савета па абароне (вядзенне пасяджэння старшынёй, выступленне вучонага сакратара савета, навуковага кіраўніка, апанентаў) таксама прайшло на беларускай мове.

У медыцынскай сферы беларускамоўныя дысертацыйныя даследаванні — рэдкая з’ява. Вядома, напрыклад, што ў 2016 годзе Андрэем Вітушкам была абаронена кандыдацкая дысертацыя «Прагнастычныя фактары і прафілактыка ўнутрашлуначкавых кровазліццяў у неданошаных з масай цела меншай за 1500 грамаў пры нараджэнні» (РНПЦ «Маці і дзіця»).

Паспяховае выкарыстанне нацыянальнай мовы ў згаданых навуковых працах — яскравае пацвярджэнне таго, што беларуская мова з’яўляецца сучаснай мовай, здольнай ужывацца ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.

Калі мець на ўвазе, што моўная кампетэнцыя — адзін з важных складнікаў жыццядзейнасці грамадства наогул, а сфера медыцыны і аховы здароўя мае непасрэднае дачыненне да бяспекі жыцця грамадзян, то менавіта на спецыялістаў-медыкаў ускладаецца вялікая адказнасць не толькі за аказанне кваліфікаванай медыцынскай дапамогі, але і за рэальнае ажыццяўленне канстытуцыйнага права грамадзяніна атрымаць поўную інфармацыю ў той ці іншай медыцынскай установе на любой з дзяржаўных моў.

dsc05352.jpg

Непасрэдная сувязь моўнай кампетэнцыі спецыялістаў сферы аховы здароўя з бяспекай жыцця чалавека забяспечваецца ў значнай ступені наяўнасцю грунтоўнай тэрміналагічнай базы. Тэрмінасістэма, выкарыстаная Антонам Юдзіным у яго даследаванні, дазволіла дакладна і пераканальна прадставіць разважанні па складанай навуковай праблеме і ў поўным аб’ёме будзе ўключана ў тэрміналагічную базу сучаснай беларускай мовы і ў базу новага «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы».

Мяркуецца, што для паспяховага прымянення распрацаванай, зацверджанай і надрукаванай тэрміналогіі неабходна і матывацыя да яе пашыранага выкарыстання. У сувязі з гэтым варта адзначыць, што ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі беларускамоўная медыцынская практыка Антона Юдзіна шчыра падтрымліваецца калегамі і ў пэўнай ступені стымулюе іншых ажыццяўляць сваю прафесійную дзейнасць на беларускай мове.