Lenta.ru шукае ворагаў сярод беларускіх «ультрас»
Каток расійскай прапаганды сунуўся на айчынных футбольных фанатаў.
На Lenta.ru сёння з’явіўся артыкул, аўтар якога называе беларускіх «ультрас» неанацыстамі і параўноўвае іх
з «Правым сектарам».
Як піша Уладзіслаў Мальцаў у сваім «спецыяльным расследаванні», беларускія заўзятары падчапілі «вірус Майдану» ад сваіх паўднёвых калег: маўляў, беларускіх
фанатаў натхняе узор маладых украінскіх хлопцаў «з нізоў», якія цяпер, згодна з аўтарам, без малага вырашаюць лёс цэлай краіны.
Пры гэтым ашаламляльныя сацыяльныя ліфты (што больш уласціва расійскім сатэлітам «Наваросіі») — і ёсць тое, што вабіць беларускіх фанатаў і робіць іх
радыкаламі. Прынамсі, такая думка вынікае са словаў нейкай «ананімнай крыніцы»:
«Іх (фанатаў) куміры — узброеныя хлопцы, якія вырашаюць, каму жыць, а каму памерці. І ім не істотна, да чаго гэта прывядзе і якая будучыня іх чакае. Сімвалы супраціву сёння
— гэта «мова», якую яны не ведаюць, «беларуская лацінка», на якой яны ніколі не будуць пісаць, герб — вышыванка, але галоўнае
— гэта сляпая нянавісць да ўсяго рускага і да Расійскай дзяржавы».
Уладзіслаў Мальцаў у сваім опусе таксама абураецца сімволікай фанатаў, асабліва фразай «Беларусь мае быць вольнай», якая змешчана на адной з патрыятычных суколак фанатаў
«Дынама-Мінск». Такі надпіс падаецца аўтару «шчыра апазіцыйным» — у дачыненні да каго, пры гэтым, не ўдакладняецца.
Непаліткарэктным журналісту падаецца і банер у гонар Перамогі пад Оршай, што беларускія фанаты вывесілі на трыбунах падчас матчу паміж нашай зборнай і камандай Люксембурга.
Аднак, нягледзячы на абвінавачанні нашых заўзятараў у непрыкрытым русафобстве, аўтар знаходзіць патэнцыйных віноўнікаў у выпадку несанкцыянаваных акцый расійскай «ультры»
— «беларускія фанацкія групоўкі ідэялагічна апрацоўваюць расійскі футбольны фанацкі рух».
Напрыканцы тэксту адзначаецца, што «беларуская апазіцыя» атрымала годны «Правы сектар», здатны на штурм урадавых установаў на бліжэйшых прэзідэнцкіх
выбарах.
nn.by