Лукашэнка: Майдана ў Беларусі не будзе

Майдана ў Беларусі не будзе, заявіў 23 лютага Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на прыёме кіраўнічага складу Узброеных сіл і праваахоўных органаў з нагоды Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь.



lukashenko_zlo_245.jpg

Мы жывём у дынамічна зменлівым свеце. То тут, то там на планеце ўспыхваюць ачагі напружанасці. Таму нам нельга губляць пільнасць. Вучыцца трэба на памылках іншых і не дапусціць нават самых малых праяў нестабільнасці ў нашай краіне", — цытуе беларускага кіраўніка дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА


"Прыкладаў таму вялікая колькасць, уключаючы незатухаючыя рэвалюцыі ў мусульманскім свеце і беспарадкі ў краінах Садружнасці, якія перыядычна ўзнікаюць", — адзначыў Лукашэнка. Паводле яго меркавання, паказальная сітуацыя ў суседняй Украіне, якая стала "арэнай сутыкнення магутных знешніх і ўнутраных сіл". 


"Нават у нашым грамадстве, як я заўважыў, азначыліся нейкія напружанні, апасенні за бяспеку і стабільнасць нашай дзяржавы", — сказаў Лукашэнка. 


Пры гэтым ён дадаў:"Для нас майдан не тое што непрымальны. Майдана ў Беларусі не будзе. Гэта наша з вамі, людзей у пагонах, святы абавязак і задача — захаваць мір і стабільнасць на нашай зямлі".


Паводле меркавання Лукашэнкі, пры ўсіх адрозненнях такія падзеі ў розных краінах маюць агульныя характэрныя рысы: "Паслабленне ўлады ў дзяржаве, карупцыя, беспакаранасць і бязладнасць, безадказнасць улады, пра што вельмі часта апошнім часам гаворыцца, цягнуць за сабой беспарадкі і анархію. Грамадства расколваецца, эканоміка стагнуе, людзі пакутуюць і становяцца сляпым сродкам дэструктыўных сіл. Калі ў нас сваіх не хапае, нам могуць падкінуць, і гэта мы таксама павінны мець на ўвазе. І нібы каршуны на дзяльбу здабычы злятаюцца замежныя "добразычліўцы", якія яшчэ больш распальваюць запал і падкідаюць дровы ў вогнішча". 


Паводле яго меркавання, Беларусь з-за свайго геаграфічнага становішча і адкрытасці эканомікі не можа быць убаку ад уплыву многіх геапалітычных працэсаў. "Таму для нас так важная прадуманая сістэмная знешняя і ўнутраная палітыка, якая дазваляе абараняць Беларусь ад негатыўных з'яў, не дапускаць расколу ў грамадстве ці анархіі, апярэджваць любыя варожыя намеры", — заявіў ён. 
БелаПАН