«Маці 328» адмовіліся спыніць галадоўку пасля сустрэчы ў адміністрацыі Лукашэнкі
Удзельніцы руху «Маці 328» не спыняць галадоўку, заявіла прадстаўніца руху Тацяна Канеўская пасля сустрэчы ў адміністрацыі кіраўніка дзяржавы, паведамляе "Радыё Свабода".

Удзельніцы галадоўкі руху «Маці 328» ля адміністрацыі Лукашэнкі
Калінкавіцкія ўдзельніцы галадоўкі руху «Маці 328», які дамагаецца змякчэння «наркатычнага» закону, 2 траўня сустрэліся з прадстаўнікамі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнікі сілавых і судовых ведамстваў, чыёй прысутнасці патрабавалі галадоўніцы, на сустрэчу не прыйшлі.
Што важна ведаць:
· Прадстаўнікі «Маці 328» правялі ў адміністрацыі Лукашэнкі каля дзвюх гадзін.
· 27 красавіка актывісты руху «Маці 328» у Калінкавічах на Гомельшчыне і ў вёсцы Востраў на Меншчыне распачалі галадоўку. Сёння галадаюць не менш за 14 чалавек у розных гарадах.
· Удзельнікі галадоўкі патрабуюць перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўлення волі), а таксама зменаў у заканадаўства.
· Ад 3 траўня да галадоўкі «Маці 328» далучацца ўдзельнікі руху ў Віцебску і Горадні.
· У Палаце прадстаўнікоў абяцалі змякчыць пакаранні паводле «наркатычнага» артыкула 328.
Галадоўка працягнецца
Прадстаўнікі «Маці 328» правялі ў адміністрацыі кіраўніка дзяржавы каля дзвюх гадзін. Журналістаў на сустрэчу не пусцілі, тым самым праігнараваўшы патрабаванне ўдзельніц галадоўкі.
Удзельніцы руху «Маці 328» не спыняць галадоўку, заявіла прадстаўніца руху Тацяна Канеўская пасля сустрэчы ў адміністрацыі кіраўніка дзяржавы. Паводле яе словаў, сустрэча ў адміністрацыі Лукашэнкі не прынесла вынікаў, а галадоўка будзе спынена, калі ўлады выканаюць хоць адно з патрабаванняў «Маці 328».
«На дадзены момант найбольш рэальнае — гэта змена заканадаўства», – сказала Канеўская.
Патрабаванні ўдзельнікаў галадоўкі:
· Сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам.
· Стварэнне камісіі па пераглядзе спраў паводле крымінальнага артыкула 328 пачынаючы з 2013 году.
· Змена заканадаўства адносна артыкула 328 Крымінальнага кодэксу.
· Амністыя асуджаных паводле артыкула 328.
Віцебск і Горадня далучацца да галадоўкі
Ад 3 траўня да галадоўкі «Маці 328» далучацца 8 удзельнікаў руху ў Віцебску. Таксама пачнуць галадаць і ўдзельнікі «Маці 328» у Горадні, іх колькасць пакуль не называецца.
Два чалавекі далучацца да галадоўкі ў Магілёве. Удзельнікі руху «Маці 328» з Магілёва і Чавусаў далучыліся да галадоўкі 27 красавіка. Колькі ўсяго чалавек вядзе галадоўку на дадзены момант, не паведамляюць з меркаванняў бяспекі. Вядома, што не менш за 14.
Ля адміністрацыі Лукашэнкі збіралі грошы для асуджаных паводле 328
Падчас сустрэчы каля адміністрацыі кіраўніка дзяржавы ўдзельніца «Маці 328» Марына Уладыка збірала сродкі для 12 сіротаў, асуджаных паводле «наркатычнага» артыкула 328. Гэтыя грошы пойдуць на:
· перадачы і пасылкі для асуджаных;
· матэрыяльную і юрыдычную дапамогу.
«Каб падаць наглядную скаргу, трэба заплаціць адну базавую велічыню. Дзе іх узяць, калі ў іх няма там заробку? Наша дзяржава не звяртае на гэта ўвагі. Калі вы пасадзілі, калі вы бачыце, што няма ніякага заробку і дапамогі, то гэтая наглядная скарга павінна быць бясплатнай. Вось яны сядзяць і не могуць падаць нагляднай скаргі, нейкі наступны крок зрабіць», — сказала Марына Уладыка.
«Маці 328» галадаюць ужо шэсць дзён
Шосты дзень працягваецца галадоўка маці асуджаных за наркотыкі. Галадоўніцы патрабуюць лібералізацыі крымінальнага заканадаўства за захоўванне і ўжыванне наркотыкаў, а таксама сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
Першапачаткова галадоўніцы мелі намер сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам дзеля таго, каб ён азнаёміўся з сітуацыяй і распарадзіўся стварыць камісію для перагляду жорсткіх прысудаў ад 2013 года паводле 328 артыкула, а таксама паспрыяў змене заканадаўства, калі гэта не тычыцца цяжкіх наркотыкаў ды арганізацыі гандлю імі.
Увечары 27 красавіка да калінкавіцкіх галадоўніц прыехалі старшыні райсавету і райвыканкаму Віктар Замосцік і Сяргей Гвоздзь — яны й паведамілі пра магчымасць сустрэчы 2 траўня з кіраўніцай Адміністрацыі.
«На шосты дзень галадоўкі бальшыня з нас дрэнна сябе адчувае. Слабасць, няспынная млосць, галавакружэнне. У мяне асабіста нібыта ў страўніку трапечацца сэрца», — сказала “Радыё Свабодзе” Ліяна Шуба.