Мікалай Дзядок абраны «Выбітным чалавекам года ЕГУ»

Сёння стала вядома, што актывіста анархісцкага руху, блогера Мікалая Дзядка пачнуць судзіць 29 чэрвеня ў Мінскім гарадскім судзе. Бацька Міколы спадар Аляксандр распавёў «Новаму Часу» апошнія навіны пра сына.

0301de74_8492_4256_961d_74e4039142f8_cx13_cy3_cw73_w1023_r1_s.jpg


Па словах Аляксандра Дзядка, да Міколы раз на тыдзень ходзяць адвакаты, праз іх удаецца падтрымліваць сувязь з сынам. З ліставаннем цяпер справы ідуць кепска, газету «Новы Час» вязень не атрымлівае ўжо каля двух месяцаў. Камера, дзе сядзіць Мікола, перапоўненая, але са здароўем у яго някепска, ён займаецца спортам. Трымаецца бадзёра, упэўнена, спакойна.

– У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (там Мікола вучыўся на палітолага — НЧ.) у Вільні Міколу абралі «Выбітным чалавекам года». У гэтую пятніцу мне прывязуць дыплом. Для нас гэта вельмі важная падзея, — распавядае Аляксандр Дзядок. — Галасаванне ішло да 6 чэрвеня, было 10 намінантаў, потым засталося 3, і Коля перамог.

Міколу Дзядка затрымалі ў лістападзе 2020 года супрацоўнікі ГУБАЗіК на здымнай кватэры, яго збілі, распылілі ў твар пярцовы газ, потым знялі на відэа. Дзядку прад’явілі абвінавачанне па ч.1 арт.342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікам улады, што пацягнула парушэнне працы транспарту) — да трох гадоў калоніі; ч.2 арт. 361 КК (распаўсюджванне матэрыялаў, што ўтрымліваюць заклікі да здзяйснення дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, з выкарыстаннем глабальнай сеткі Інтэрнэт) — да трох гадоў калоніі; ч. 1 арт.295-3 (незаконныя дзеянні ў адносінах да прадметаў, паражаючае дзеянне якіхзаснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў) — да двух гадоў калоніі.

Мікола Дзядок вінаватым сябе не прызнае, паказанняў падчас следства не даваў.

Адкрыты працэс над актывістам пачнецца 29 чэрвеня а 10 раніцы ў Мінскім гарадскім судзе (вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1), суддзя Анастасія Папко, абараняць Міколу будзе адвакат Маслаў.