Святлана Алексіевіч атрымала адну з вышэйшых узнагарод Германіі

Прэзідэнт ФРГ Штайнмаер у Палацы Бельвю ўручыў пісьменніцы Святлане Алексіевіч ордэн «За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германія».

55080398_303.jpg


Беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч узнагароджана ордэнам «За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германія». Вялікі крыж 1-й ступені яна атрымала з рук прэзідэнта ФРГ Франка-Вальтэра Штайнмаера. Урачыстая цырымонія прайшла ў аўторак, 15 чэрвеня, у Берліне, у палацы Бельвю — афіцыйнай рэзідэнцыі кіраўніка дзяржавы, перадае Deutsche Welle.

Ордэн быў заснаваны ў ФРГ у пачатку 1950-х. Адну з вышэйшых узнагарод Германіі ўручае федэральны прэзідэнт.

У 2014 годзе Святлана Алексіевіч атрымала афіцэрскі крыж ордэна Мастацтваў і літаратуры — ведамасную ўзнагароду Францыі, а годам пазней стала лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі па літаратуры.

Штайнмаер у сваёй прамове закрануў тэму шматмесячных пратэстаў у Беларусі. «Жаночы твар — у гэтага мірнага, адважнага і ўсё яшчэ жорстка прыгнятальнага імкнення да будучыні», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Алексіевіч у прамове ў адказ адзначыла, што «камунізм яшчэ не мёртвы і гатовы даць апошні бой», мяркуючы па падзеях ва Украіне, Беларусі і Расіі. Ён «жыве не толькі ў галовах Пуціна ці Лукашэнкі», і з гэтым, «нягледзячы на наш ідэалізм, трэба лічыцца», дадала яна.

Пісьменніца назвала цяперашнюю эпоху «ліхалеццем». «Толькі ў дваццатым годзе мы атрэсліся ад гэтага сну», — адзначыла Алексіевіч. Яна асабліва вылучыла неабходнасць працаваць з тымі беларусамі, хто ўсё яшчэ падтрымлівае ўладу. «Трэба тлумачыць ім свет, сваю гісторыю. Трэба тлумачыць, што мы сталі нацыяй», — зазначыла пісьменніца.

У ліку найбольш вядомых твораў пісьменніцы — мастацка-дакументальныя кнігі «У вайны не жаночы твар», «Цынкавыя хлопчыкі» і «Чарнобыльская малітва».

Алексіевіч жыве ў Германіі з верасня 2020 года па запрашэнні Германскай службы акадэмічных абменаў DAAD.